Жыццё ідзе, і будучыня светлая…

Культура Общество

Напярэдадні 30-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС трыццаць жывапісных палоцен беларускіх, украінскіх і расійскіх мастакоў былі выстаўлены ў малой зале Ельскага гарадскога Дома культуры «Колас» для прагляду наведвальнікаў.

IMG_9909
Творы знакамітых мастакоў былі сабраны ў адзіны праект Нацыянальным цэнтрам сучасных мастацтваў і Карціннай галерэяй імя Гаўрылы Вашчанкі (Гомель) і сталі даступнымі для ельчан і гасцей горада.

Па словах Ірыны Дрыгі, першага намесні-ка міністра культуры Рэспублікі Беларусь, выстава праводзіцца ў рамках дабрачыннага марафону «Адраджэнне».

– Гэтая выстава – своеасаблівая справаздача мастакоў, – адзначыла Ірына Дрыга ў час адкрыцця мерапрыемства. – Ствараючы яе, мы ўключылі творы класікаў мастацтва і работы гомельскіх майстроў, што ўвасобілі ў сваіх карцінах сонечны дзень Гомельшчыны. Тут вы як убачыце жалобныя ноткі, так і адчуеце прыгажосць жыцця, якое адраджаецца і працягваецца. Вось і ў гэтай зале на адкрыцці выставы прысутнічаюць дзеці – наша будучыня. І дзіцячыя работы таксама ёсць на выставе пераможцаў конкурсу «Квітней, мая зямля!»

Дамінантай экспазіцыі сталі работы заснавальнікаў беларускай акадэмічнай школы, народных мастакоў Беларусі Міхаіла Савіцкага і Гаўрылы Вашчанкі. Акрамя таго, на выставе прадстаўлены работы гомельскіх мастакоў, заслужаных дзеячаў мастацтва Мікалая Казакевіча і Роберта Ландарскага, пейзажыста Генадзя Фядотава, народных мастакоў Украіны – Віктара Каральчука, Аляксея Какала і Валянціны Сачанкі, мастакоў з Расіі – Аляксандра Філіпава і Антаніны Крывічанінай.

Кожны твор на выставе – асобы, непаўторны свет мастака з індывідуальным почыркам, лірычным настроем і сваім бачаннем рэчаіснасці, лічыць Наталля Шаранговіч, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў.

Навучэнцы Ельскай раённай гімназіі з цікавасцю разглядалі палотны майстроў мастацтва. Каля некаторых карцін яны стаялі падоўгу, дзяліліся сваімі ўражаннямі і імкнуліся зразумець глыбокі сэнс твора.

Удзельнікі і арганізатары выставы ўпэўнены: з моманту чарнобыльскай катастрофы выраслі новыя пакаленні, якім неабходна ведаць і памятаць адну простую ісціну: жыць так, каб не заставаліся за спіною руіны і мёртвыя гарады. Трэба жыць з верай у светлую будучыню.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *