Кветкавы калейдаскоп

Культура

Пад такой назвай праходзіць выстава вышыванак ельскіх майстрых у выставачнай зале Ельскага краязнаўчага музея. Работы Кацярыны Карачанка, Валянціны Неўчык, Лідзіі Грыневіч і Таццяны Лапіцкай, прадстаўленыя на выстаўцы, прыцягваюць увагу сваёй непаўторнасцю, яркасцю фарбаў і высокім узроўнем тэхнікі выканання.

IMG_8547
На вясновых канікулах выстаўку вышыванак наведалі вучні пачатковых класаў Ельскай раённай гімназіі разам з настаўніцай Вольгай Логвінавай і выхавацелем Марыяй Грыц. З вялікай цікавасцю дзеці разглядалі вышытыя іконы, карціны, рушнікі, сурвэткі і многія іншыя творы (інакш іх назваць проста нельга).

Перад пачаткам экскурсіі супрацоўнікі выставачнай залы расказалі вучням пра некаторыя асаблівасці вышывання (сімволіку вобразаў, тэхніку выканання і інш.)

Акрамя простага сузіральніцтва створанай нястомнымі рукамі ельскіх вышывальшчыц прыгажосці, у хлапчукоў і дзяўчатак была выдатная магчымасць пагаварыць з адной з іх – Кацярынай Карачанка, спытаць у яе пра ўсе сакрэты вышывання ніткамі, патрымаць у руках прылады для вышывання. Многія дзяўчынкі нават прасілі навучыць іх гэтаму нялёгкаму мастацтву.

– Галоўнае ў вышыванні, – заўважыла Кацярына Карачанка, – цярпенне, няспешлівасць, уважлівасць, пачуццё густу і, мабыць, самае важнае – жаданне ствараць прыгажосць!

Ганна Булаўка



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *