З наступленнем цяпла на палетках Ельшчыны актыўна вядуцца палявыя работы.
Так, па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама на 30 сакавіка, яравымі ў Ельскім раёне засеяна амаль трэцяя частка з запланаванага (1376 гектараў з запланаваных 5070). Падрыхтавана 2955 га глебы, або 16 % ад задання. Акрамя гэтага, механізатары раёна задзейнічаны на вывазцы і ўнясенні арганічных удабрэнняў. На 30 сакавіка ўнесена 57608 тон арганікі ў цэлым усімі сельгаспрадпрыемствамі Ельшчыны.
У КСУП «Скараднянскі» ўнесена 12400 тон арганічных удабрэнняў. На гэтым тыдні брыгада механізатараў працавала ва ўрочышчы Печкі, на полі, дзе ў хуткім часе будзе пасеяна кукуруза. Так, уносілі арганіку трактарысты Пётр Урэцкі, Андрэй Доўбаш, Валерый Шур і Уладзімір Лінкевіч, на пагрузцы працаваў Міхаіл Бяляк. Дарэчы, на пагрузцы арганікі механізатар Міхаіл Бяляк з’яўляецца адным з пастаянных лідараў пасяўной кампаніі ў раённых спаборніцтвах. Улік унесеных удабрэнняў на полі вядзе памочнік брыгадзіра аддзялення Валаўск КСУП «Скараднянскі» Іван Дзюба.
Кожны з механізатараў працуе старанна. У тым, каб адказна адносіцца да сваёй справы, паказваючы высокую якасць і аператыўнасць, механізатары зацікаўлены. Таму што гэта час, калі можна зарабіць нядрэнныя грошы.
Ганна Гаўрылава