Многія старажылы памятаюць, якімі былі вёскі Ельшчыны 50 або 70 гадоў таму назад, як кіпела там жыццё, будаваліся дамы, бегалі басанож па лужах дзеці, спявалі песні салаўі ды жаўранкі.
Значна скарацілася колькасць насельніцтва Ельскага раёна ў выніку аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Зніклі з карты Ельшчыны некаторыя населеныя пункты. Так, вёскі Вязцы, Глазкі, Кузьмічы, Патапы, Шышкі, Шыя былі аднесены да зоны адсялення (больш 15 кюры/кв.км), таму насельніцтва з забруджаных радыенуклідамі тэрыторый пераселілі ў іншыя рэгіёны. Згодна з артыкулам 22 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС», у 1991 годзе было завершана адсяленне населенага пункта Вязцы, у 1992 годзе – н.п. Кузьмічы, Патапы і Шышкі, у 1999 годзе – н.п. Глазкі, а ў 2002 – н.п. Шыя.
За кошт сродкаў, выдзеленых на ліквідацыю вынікаў катастрофы на ЧАЭС, ў 1999–2001 гадах былі зроблены разбор і захаванне дамоў, рэшткаў пабудоў у вёсках Кузьмічы і Шышкі, а пазней, у 2004 годзе, у вёсках Вязцы, Глазкі, Патапы і Шыя.
Колькі людзей вымушаны былі пераехаць на новае месца жыхарства! У думках і ўспамінах яны кожны дзень вярталіся і вяртаюцца ў свае вёсачкі, дзе ім добра вядома кожная вуліца, кожны дом, кожнае дрэва…
Адсяленне жыхароў населеных пунктаў Ястрэблі, Палаўкоўскі Млынок, Пагарэлае, Чапаеўка адбылося натуральным шляхам. З цягам часу ўсе пабудовы ў гэтых вёсках разбурыліся.
З мэтай захавання памяці аб раней існуючых вёсках Ельскага раёна на іх былых тэрыторыях былі ўсталяваны памятныя знакі.
Згодна з рашэннем Гомельскага аблвыканкама, з улікавых дадзеных населеных пунктаў Ельскага раёна былі выключаны ў сувязі са скасаваннем вёскі Вязцы, Глазкі, Шыя Валаўскага сельсавета, Палаўкоўскі Млынок Млынокскага сельсавета, Ястрабля Качышчанскага сельсавета, Кузьмічы, Патапы, Пагарэлае, Шышкі Скараднянскага сельсавета, Чапаеўка Старавысокаўскага сельсавета.
Па апошніх дадзеных статыстык зараз на тэрыторыі Ельскага раёна налічваецца 65 населеных пунктаў, а ў вёсках Белякі, Якімы і Мазуры няма жыхароў. У вёсках раёна пражывае крыху больш, чым 7 тысяч чалавек.
Яна ІВАНОВА