Вышывае нават кнігі

Культура Личности

Вышыванкай цяпер нікога не здзівіш, але толькі самі вышывальшчыцы ведаюць, колькі працы і часу трэба вынайсці на выкананне адной работы. Матэматык і дэфектолаг па адукацыі Таццяна Максіменка знайшла ў вышыванцы свае натхненне.

IMG_6247
Вядомыя кожнаму палескаму жыхару пейзажы, абразы і партрэты – справа рук Таццяны Міхайлаўны. Як шматлікія майстрыхі, да вышыўкі крыжыкам яна прыйшла сама. Імкнучыся знайсці штосьці новае ў сваёй творчасці, Таццяна вышыла падарункавую кнігу з вершамі для ельскага паэта Рыгора Бабчанка.

– Гатовымі схемамі практычна не карыстаюся, – распавядае Таццяна Максіменка. – Там усё падабрана па колерах, гатовыя ніткі, малюнак. Мне цікава гэта зрабіць самой. Эскізы бяру з фатаграфій і карцін мастакоў. Вось таму вышываю маленькім крыжыкам. Гэта дае магчымасць больш тонка перадаць адценні колеру. У гэтай справе самае галоўнае, каб было жаданне і цярпенне.

Калі рабіла першую кнігу, усё было ў аўральным рэжыме, але атрымалася добра. На кожнай старонцы вышыты верш, да кожнага з іх падабраны малюнак ці партрэт.
Другой вышытай кнігай стаў падарункавы асобнік дырэктару школы-інтэрната Якаву Ліпскаму. На старонках гэтай кнігі ўжо ёсць копіі дакументаў, партрэты лепшых сяброў, выхаванцы і інш. Працавала майстрыха над ёй восем месяцаў.

Па словах дырэктара Ельскай дапаможнай школы-інтэрната Якава Ліпскага, Таццяна Міхайлаўна за што ні бярэцца, усё ў яе выдатна атрымліваецца.
І вышыўка не адзінае яе захапленне. Усяму, што робіць Таццяна сама, навучае і дзяцей. За гэта імкненне да ўсяго новага, увасабленне сваіх задумак, распрацовак яна не аднойчы была адзначана на раённым і абласным узроўні граматамі і дыпломамі.

Васіль Сакула



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *