Мову матчыну шануйце

Культура

Цікавая літаратурная вечарына прайшла днямі ў Ельскай школе-інтэрнаце. На яе былі запрошаны паэт Рыгор Бабчанок, настаўніца Дабрынскай школы Валянціна Бяляк-Сакула і журналіст раённай газеты «Народны голас» Васіль Сакула.

«Мая родная мова, жыві і квітней!» – гэтыя словы гучалі асабліва часта ў час правядзення мерапрыемства. Вершаваныя радкі беларускіх паэтаў мілагучнай песняй ліліся з вуснаў настаўнікаў і вучняў гэтай установы.

Асаблівую нішу ў вечарыне заняла творчасць ельскіх паэтаў. Паэтычныя творы Рыгора Бабчанка выконвалі дзеці, прычым хлопчыкі і дзяўчынкі ў дасканаласці валодалі беларускім словам. Яны вельмі ўдала перадавалі настрой, укладзены аўтарам у верш. Свае вершы для прысутных чытала са сцэны і Валянціна Бяляк-Сакула. Праз вершаваныя радкі паэтка расказала, як добра быць маладым, што чакае моладзь у будучым жыцці, як важна любіць сваю малую радзіму, прыроду свайго краю, людзей, што жывуць побач.

интернат
– У час мерапрыемства на сцэну прыйшлося падняцца і мне, – распавядае Васіль Сакула. – Уражаны майстэрствам выхаванцаў школы гаварыць па-беларуску, вырашыў праверыць іх веды ў галіне перакладу з рускай мовы. Усе прапанаваныя словы дзеці перакладалі імгненна, што мяне, як былога настаўніка, вельмі радавала.

На мерапрыемстве як паэтка дэбютавала Ганна Леглік. Яна прачытала верш пра родны край. А сваё выступленне Ганна завяршыла цудоўнай песняй, якую выканала сямейнае трыа.

Напрыканцы вечарыны выступіў дырэктар Якаў Ліпскі. Яго пранікнёныя словы запалі ў душу кожнага, хто прысутнічаў на свяце. Ён выказаў спадзяванне, што дзеці будуць глыбей вывучаць беларускую мову, вучыцца прыгожа гаварыць, спасцігаць светапогляд і душу свайго народа, яго гумар, таленавітасць і майстэрства.

Алесь ТАПОЛЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *