Беларускі кірмаш лічыўся самым гасцінным, добрым і славіўся сваёй шырынёй і багаццем. У мінулыя выхадныя ельчане атрымалі магчымасць набыць дары восені па прывабнай цане.
Трэцяга кастрычніка цэнтральная плошча Ельска заззяла новымі колерамі, запрашаючы ўсіх жыхароў і гасцей горада на Пакроўскі кірмаш. З самай раніцы народныя майстры, прадпрымальнікі, прадстаўнікі сельскіх гаспадарак занялі цэнтральную плошчу горада, каб здзівіць пакупнікоў сваімі вырабамі, таварамі. Ужо ў восем гадзін раніцы многія ельчане прыйшлі на цэнтральную плошчу горада, каб набыць па спрыяльных цэнах агародніну, мяса і іншыя прадукты.
Усе сельскія гаспадарчыя прадпрыемствы Ельшчыны прынялі ўдзел у кірмашы, прадставіўшы для пакупнікоў бульбу, моркву, капусту, буракі, цыбулю, пшаніцу, трыцікале і іншыя вырашчаныя на палетках культуры. Асаблівым попытам карысталіся бульба і зерне, корм для жывёл, якія людзі куплялі не кілаграмамі, а цэлымі мяхамі. Зразумела, кожны хоча набыць тавар як мага танней. Добра разыходзіліся на кірмашы трыцікале і авёс, якія прадавалі КСУП «Скараднянскі», «Дабрынь», «Падгалле», «Саўгас «Камуніст», «Ельск» па цане ад 2000 да 3300 рублёў за кілаграм. Самы лепшы кошт на зерне для спажыўцоў прапанавала ДП «Ельскае Палессе». Гэта прадукцыя разыходзілася хутчэй за іншую.
Традыцыйна ў вялікай пашане на кірмашы «другі хлеб». Кошт бульбы вагаўся ад 2500 да 3500 рублёў за кілаграм. Прывезены на кірмаш у вялікай колькасці «другі хлеб» вельмі бойка прадаваўся, а Ельскае райспажыўтаварыства прапанавала жыхарам паслугу па дастаўцы цяжкіх мяхоў.
На кірмашы ў дастатковай колькасці было сталовых буракоў, морквы, цыбулі, капусты і многага іншага. Так, капусту прадавалі як гаспадаркі райспажыўтаварыства, так і прадпрымальнікі па цане ад 3000 рублёў за кілаграм. Сталовыя буракі каштавалі ад 4000 руб., морква – ад 4000 руб., яблыкі – ад 2500 рублёў за кілаграм.
Вялікім попытам у жыхароў Ельшчыны карысталася мясная прадукцыя, якой гандлявалі сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «Саўгас «Камуніст», «Ельск», КСУП «Скараднянскі».
Актыўны ўдзел у кірмашы, акрамя сельскіх гаспадарак, прыняла райспажыўтаварыства, яго гандлёвая кропка была самая вялікая. Набыць тут можна было і садавіну, і гародніну. Дарэчы, уся гародніна карысталася папулярнасцю ў пакупнікоў.
Выставілі сваю прадукцыю на продаж і некаторыя прадпрыемствы раёна. Ельскі кансервавы завод гандляваў разнастайнымі сокамі і зялёным гарошкам, які ельчане набывалі цэлымі ўпакоўкамі. Мэблевая фабрыка арганізавала рэкламу сваёй прадукцыі. Цікавасць у наведвальнікаў вызвала і выстава вырабаў КЖЭУП «Ельскае». Актыўны ўдзел у кірмашы прынялі гарадскія школы, дашкольныя ўстановы і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Смачная выпечка, гародніна ў слоіках, разнастайныя вырабы з дрэва, скуры, тканіны, прыгожыя сувеніры – усё гэта прыцягвала ўвагу пакупнікоў.
Паднімалі настрой гасцям кірмаша ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці.
Калі вы не паспелі наведаць гэты кірмаш, не турбуйцеся: яшчэ не аднойчы гаспадаркі раёна прадставяць для гараджан сваю прадукцыю. Яе можна будзе набыць па суботах (10, 17, 24 кастрычніка 2015 года), з 7.00 да 15.00. Кірмашы будуць праводзіцца па адрасе: г. Ельск, Мазырскі тракт (пляцоўка каля крамы «Ірма»). Па нядзелях (4,11,18, 25 кастрычніка 2015 года) сельгаспрадпрыемствы Ельшчыны, адкрытае акцыянернае таварыства «Ельскі кансервавы завод», Ельскае райст і фермерскія гаспадаркі раёна будуць рэалізоўваць сваю прадукцыю на рынку г. Ельска.
Алесь Таполя