Урачыстае ўшанаванне лепшых прафсаюзных арганізацый Гомельскай вобласці за мінулы 2014 год адбылося на мінулым тыдні ў Добрушы.
На мерапрыемстве былі таксама падведзены вынікі конкурсу на лепшую публікацыю аб прафсаюзным руху сярод рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
Заслужаныя ўзнагароды і высокую ацэнку сваёй дзейнасці атрымалі прафсаюзныя лідары практычна ўсіх галін народнай гаспадаркі Гомельшчыны. Так, 19 прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, у тым ліку і прафсаюзная арганізацыя, якая прадстаўляе прыватную форму ўласнасці, былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Па словах Леаніда Барабанава, старшыні Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, галоўнымі крытэрыямі адбору лепшых сталі ахоп прафсаюзнага членства, дзейнасць прафсаюзнага камітэта па абароне сацыяльна-эканамічных правоў, інфармацыйна-метадычная і культурна-масавая работа ў калектыве.
Складана было для журы падвесці вынікі конкурсу на лепшую публікацыю аб прафсаюзным руху, прызнаўся Леанід Барабанаў. У гэтым годзе на конкурс было прадстаўлена больш ста матэрыялаў і публікацый розных аўтараў рэгіянальных СМІ. Некаторыя рэдакцыі прадстаўлялі падборку артыкулаў за мінулы год, у якіх адлюстроўвалася прафсаюзнае жыццё арганізацый раёна. Старшыня Гомельскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў выказаў словы ўдзячнасці і павагі ў адрас журналістаў тых СМІ, якія на старонках сваіх выданняў пішуць пра людзей працы, ва ўсёй разнастайнасці паказваюць прафсаюзнае жыццё калектываў арганізацый, прадпрыемстваў.
Па выніках абласнога конкурсу на лепшае асвятленне прафсаюзнай тэматыкі ў рэгіянальных СМІ ўстанова «Рэдакцыя газеты «Народны голас» атрымала Дыплом пераможцы і каштоўны падарунак. Уручаючы ўзнагароду, Леанід Барабанаў адзначыў, што журналісты ельскай «раёнкі» ўмела праслаўляюць чалавека працы, ушаноўваюць працаўнікоў вёскі, прафсаюзных актывістаў.
Леанід Барабанаў падзякаваў журналістам за супрацоўніцтва і выказаў упэўненасць ў тым, што, «ў нас усё атрымаецца, калі мы будзем разам. І лозунг «Мы – разам!» павінен стаць лейтматывам сёняшнега дня».
Яна Іванова