Калі падарожнік трапіць на землі КСУП «Саўгас «Камуніст», яго прыемна здзівяць не толькі ветлівыя гаспадары, але і дагледжаныя палі, а таксама паэтычныя радкі, якія будуць сустракацца на працягу ўсяго шляху ўздоўж дарог, на палях, у населеных пунктах.
Проста вясковая ідылія. А ўсяго толькі паўстагоддзя таму навокал былі балоты і непраезджыя дарогі. Патрапіць у гэты бок Ельскага раёна можна было толькі ў сухое надвор’е. Праведзеная ў 70-х гадах ХХ стагоддзя меліярацыя зрабіла зашырскую старонку не толькі даступнай, але і самай прыгожай, гасціннай і ўраджайнай. Яшчэ чвэрць стагоддзя таму саўгас «Камуніст» грымеў на ўвесь Савецкі Саюз небывалымі ўраджаямі, якія былі вырашчаны на меліярыруемай глебе. Працаўнікі прадпрыемства штогод станавіліся ўдзельнікамі Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.
І зараз КСУП «Саўгас «Камуніст» з’яўляецца адным з самых буйных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ельшчыны, вядомасць якога выходзіць далёка за межы раёна. Асноўным відам дзейнасці гаспадаркі з’яўляецца малочна-мясны кірунак. Цэнтральная сядзіба гаспадаркі знаходзіцца ў адным з самых прыгожых населеных пунктаў Ельскага раёна – аграгарадку Зашыр’е.
Дойны статак у КСУП «Саўгас «Камуніст» – сапраўдны карміцель гаспадаркі. Менавіта малако з’яўляецца галоўнай крыніцай даходаў сельгаспрадпрыемства. У гаспадарцы 6361 галава буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1867 – дойны статак. Уся прадукцыя, вырабленая на малочнатаварных фермах і комплексах, паступае перапрацоўшчыкам класам «экстра», што павялічвае яго кошт. За сем месяцаў гэтага года валавы надой малака ў КСУП «Саўгас «Камуніст» склаў 5526 т (114 %), сярэдні надой на карову – 2984 т (112 %). Павялічылася ў параўнанні з мінулым годам і таварнасць малака, якая склала 86,8 %. Малака гатункам «экстра» за сем месяцаў прададзена дзяржаве 4797 т.
– Каб карова добра давала малако, важна стварыць для яе спрыяльныя ўмовы: правільна пакарміць, правільна падаіць, забяспечыць добрым доглядам. Тады і будзе прадуктыўнасць, – распавядае дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок.
На думку кіраўніка зашырскага прадпрыемства, важна падрыхтаваць якасную кармавую базу. Каб было малако, жывёлы павінны быць забяспечаны патрэбнай колькасцю мінералаў, вітамінаў, пажыўнага і якаснага корму – усё павінна быць збалансавана. У гэты сезон на адну галаву трэба нарыхтаваць не менш за трыццаць цэнтнераў кармавых адзінак, а ўсяго каля 15000 т сенажу, 2000 т сена, 40000 т сіласу.
Рыгор Уладзіміравіч лічыць, што для якаснага малака патрэбныя не толькі добрыя кармы, здаровыя і прадуктыўныя каровы, сучаснае даільнае абсталяванне, але таксама ўмелыя рукі і ясныя галовы работнікаў. Чалавечы фактар можа звесці на нішто ўсе доўгатэрміновыя намаганні і мільярдныя ўкладанні. Таму заклад добрай працы сельгаспрадпрыемства не толькі ў якасным абсталяванні, а самае галоўнае – у людзях, якія на ім працуюць.
Вырасціць добры ўраджай – гэта не толькі добры заробак для прадпрыемства, але і эканомія: не трэба марнаваць лішнія грошы на набыццё канцэнтратаў для пагалоўя. Па словах Андрэя Мялешчанкі, які ў час уборачнай сумяшчае асноўную працу агранома і камбайнера, за гэтым стаіць штодзённая і цяжкая праца земляробаў.
У гэтым годзе падлягае ўборцы кроху больш за 700 га. З іх жыта – 300 га, ячмень – 30 га, авёс – 70 га, трыцікале – 140 га, проса – 80 га, зернебабовыя на корм скаціне – 100 га, рапс – 10 га. Кукуруза на зялёную масу – 1090, кукуруза на зерне – 420 га. Бульба – 15, гародніна (цыбуля, буракі, памідоры, капуста, морква) – 15, якія пойдуць для ўласных патрэб.
У пачатку ўборачнай думалі, што не назбіраем і на насенне: былі палі, на якіх намалочвалі ўсяго па 10–12 цэнтнераў на круг. Але да канца ўборачнай выйшлі на сярэднюю ўраджайнасць вышэй 40 ц/га.
У нас вялікая частка зямель меліярыруемых і асушаных, тарфянік, а гэта накладвае асаблівы адбітак на вядзенне раслінаводства. Выконваем севазвароты. Кармавыя культуры сеем бліжэй да фермаў, а якія ідуць на збожжа – на участках далей. Усе абганяльныя культуры перавялі на мінеральныя глебы.
У гэтым годзе ва ўборачнай задзейнічаны вопытныя экіпажы, за штурваламі камбайнаў сядзяць спецыялісты гаспадаркі, а таксама найдасведчаныя механізатары. Ва ўборцы збожжавых ўдзельнічаюць і сямейныя экіпажы: Андрэй і Аляксандр Журомскія, Юрый і Уладзіслаў Бараноўскія, а таксама Валерый Шкала і Андрэй Мялешчанка, Генадзь Гвоздзь і Юрый Глюза, Уладзімір Батурэвіч і Мікалай Астаповіч, Віктар Кашэвіч і Мікалай Галанчык. У адвозцы збожжа новага ўраджаю задзейнічаны вадзіцелі: Пётр Бурміч, Віктар Глюза, Уладзімір Яцухна, Міхаіл Рудніцкі, Васіль Андрэйчук.
У КСУП «Саўгас «Камуніст» цяпер ўборка збожжавых падыходзіць да завяршэння. Ужо ўбрана 700 га, намалочана больш за 3000 т збожжа. Ураджайнасць склала 39 ц/га. У гэтым заслуга не толькі агратэхнічных службаў, але і хлебаробаў, якія старанна прыбіралі кожны куток поля.
Алесь Таполя