Дзяржаўнае прадпрыемства «Ельскае Палессе» Ельскага раёна мае больш за 7 тысяч сельскагаспадарчых угоддзяў. Асноўнымі вытворчымі спецыялізацыямі з’яўляюцца вырошчванне збожжавых і зернебабовых, кармавых і тэхнічных (рапс, сланечнік) культур, бульбы. Таксама прадпрыемства займаецца вытворчасцю малака і мяса.
У галіне раслінаводства спецыялісты гаспадаркі робяць стаўку на ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання зямель. Планавая мадэрнізацыя жывёлагадоўчых аб’ектаў, абнаўленне абсталявання дазваляюць гаспадарцы павялічваць аб’ёмы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і паляпшаць яе якасць. Дойны статак сельгаспрадпрыемства – амаль 1500 галоў, валавы надой малака тут з пачатку месяца склаў 68 тон, ці 124 % да ўзроўню мінулага года. У сярэднім на карову жывёлаводы гаспадаркі надойваюць 11,8 літраў у дзень, што на 2,5 літра больш, чым у 2014 годзе. Таварнасць малака самая высокая ў раёне і складае 93 %. Улічваючы ўмовы ўтрымання жывёлы ў гэтым годзе, паказчыкі добрыя.
У цяперашні час асноўная задача жывёлаводаў «Ельскага Палесся» – падрыхтаваць пераход жывёлы на зімова-стойлавае ўтрыманне без страты прадукцыйнасці і зніжэння якасці малака, захаванне здароўя жывёл. Паспяховая зімоўка шмат у чым залежыць ад запасу кармоў.

– На кожную ўмоўную галаву жывёлы планавалі нарыхтаваць як мінімум па 27 цэнтнераў кармавых адзінак грубых і сакавітых кармоў, – расказвае дырэктар прадпрыемства Уладзімір Матузка. — Але першы ўкос траў высах практычна на корані, таму у траншэі закладвалі згарэўшыя збожжавыя. Частка збожжавых адразу ішла на корм жывёле, куды падмешвалі леташні сілас і «зялёнку». Цяпер у нас вялікія надзеі на кукурузу. У гэтым годзе мы будзем актыўна працаваць над паляпшэннем якасці прадукцыі. У першую чаргу, зробім стаўку на лячэнне, аднаўленне кароў і вяртанне іх у асноўны статак пасля ацёлу: у гэты перыяд жывёліна займаецца «вытворчасцю» сырадою найбольш інтэнсіўна. У гэтым скрыты магутны рэзерв для росту паказчыкаў. Па-другое, асаблівая ўвага будзе нададзена «балансіроўцы» рацыёнаў кароў.

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства адзначыў, што жывёлаводам гаспадаркі яшчэ ёсць над чым працаваць па развіцці сваёй галіны. Адзін са шляхоў вырашэння гэтай праблемы – гэта ўкараненне ў жывёлагадоўлі новых тэхналогій па кармленні, утрыманні і даенні жывёлы.

Адзін з відаў змяншэння сабекошту мясной і малочнай прадукцыі – вытворчасць канцэнтратаў з уласных збожжавых. Падышлі да гэтага пытання «ельскія палешукі» з размахам: у дзяржаўным прадпрыемстве «Ельскае Палессе» самая вялікая ў Ельскім раёне плошча азімых, яравых збожжавых і зернебабовых, якая падлягае ўборцы, амаль 1600 га. І гэтая плошча была б у разы больш, калі б не прыродныя анамаліі гэтага года. Зараз механізатары актыўна прымаюць удзел ва ўборцы.
Па словах галоўнага агранома гаспадаркі Мікалая Крупы, камбайнерам даводзіцца прыкласці максімум намаганняў і майстэрства, каб захаваць тэхніку, а ўраджай не застаўся ляжаць ў полі.

Ва ўборцы збожжавых удзельнічаюць экіпажы КЗС 10: Сяргей Прышчэп і Сяргей Трошка, Аляксандр Клабук і Мікалай Церабук, Максім Сушчык і Уладзімір Лучанскі; экіпажы КЗС 1218: Анатоль Семяненка і Аляксандр Бурмель, Генадзь Яцухна і Генадзь Прышчэп. У адвозцы збожжа новага ўраджаю задзейнічаны вадзіцелі: на аўтамабіле МАЗ 555 Уладзімір Бялоцкі, на аўтамабілях ГАЗ 53 – Кошаль Алег, Емяльян Фяськоў, Міхаіл Яцухна.
Працавітасць, уменне супрацьстаяць цяжкасцям і прыродным анамаліям, вопыт і адданасць сялянскай справе работнікаў дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе» не пакідаюць ніякіх сумненняў, што вытворча-эканамічнае і сацыяльнае развіццё прадпрыемства выйдзе на новы ўзровень.
Алесь Таполя