За званне лепшага

Общество Сельское хозяйство

Своечасовае і паспяховае асемяненне жывёл шмат у чым залежыць ад умелай працы тэхніка-асемянатара, яго ведаў, вопыту, адносінаў да даручанай справы. Добра разумеючы гэта, вопытныя кіраўнікі і спецыялісты надаюць вялікую ўвагу падбору і падрыхтоўцы тэхнікаў, стварэнню для іх спрыяльных умоў працы.

семинар-заширье-011
Практыка паказвае, што калі на пасадзе тэхніка добрасумленны чалавек, які ведае сваю справу, то гаспадарка з году ў год атрымлівае высокія вынікі ў працы па ўзнаўленні статка. Асноўны сакрэт поспеху перадавых тэхнікаў у тым, што яны не толькі самі добра ведаюць і строга выконваюць тэхналагічныя правілы штучнага асемянення, але і патрабуюць ад даярак, даглядчыкаў і пастухоў выканання неабходных умоў высокай апладняльнасці кароў.

У мэтах удасканалення майстэрства і атэстацыі спецыялістаў раёна па штучнаму асемяненню буйной рагатай жывёлы 17 ліпеня 2015 года ў КСУП «Саўгас «Камуніст» быў праведзены конкурс-атэстацыя тэхнікаў-асемянатараў. Для ўдзелу ў ім былі запрошаны тэхнікі-асемянатары гаспадарак раёна, спецыялісты аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ельскага райвыканкама, спецыялісты ветстанцыі і райплемстанцыі, дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок, якія ўваходзілі ў склад экзаменатараў.

семинар-заширье-004
Конкурс адкрыла начальнік Ельскага аддзела «Гомельдзяржплемпрадпрыемства» Таццяна Ражкова. Асаблівую ўвагу яна надала важнасці мерапрыемства, якое праводзіцца, і ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў па штучным асемяненню буйной рагатай жывёлы.

Конкурсныя мерапрыемствы складаліся з дзвюх частак: першая прадугледжвала тэарэтычны экзамен, які складаўся з вузкапрофільных (на падставе галіновай інструкцыі і іншых важных дакументаў) тэстаў, другая – практычная, дзе на канкрэтных прыкладах канкурсанты дэманстравалі навыкі прафесійнага спрыту і няўхільнае выкананне службовай інструкцыі і ўсіх прадугледжаных рэкамендацыйных дакументаў.

Традыцыйна, згодна з агульнай колькасцю балаў і наяўнасцю вычарпальных адказаў, суддзі прафконкурса прыйшлі да адзінага меркавання, што тытул самых моцных асемянатараў у раёне па праву прысуджаны заатэхнікам-асемянатарам Анатолю Гуду і Анастасіі Каваленка з КСУП «Саўгас «Камуніст». Са 100 магчымых балаў пераможцы набралі максімальную колькасць. Пры гэтым улічваліся і іх паказчыкі працы на працягу года, у прыватнасці, улік нагрузкі, выхад цялят і іншыя спецыялізаваныя патрабаванні.

Акрамя гэтага, у намінацыі «За добрасумленную працу» прафсаюзнай арганізацыяй былі адзначаны дасведчаныя работніцы сярод тэхнікаў штучнага асемянення жывёл Людміла Расенка (КСУП «Дабрынь»), Вольга Купрыенка (КСУП «Ельск»), Алена Кірынская (КСУП «Скараднянскі»). Старшыня райкома прафсаюзаў працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Георгій Цык выказаў у іх адрас цёплыя словы падзякі і ўручыў дыпломы і каштоўныя падарункі.

У самым завяршэнні дзелавой часткі конкурснай праграмы слова было дадзена Рыгору Бабчанку, які акцэнтаваў увагу на важнасці прафесіі асемянатара ў жывёлагадоўлі, таму што ад іх прафесіяналізму залежыць узнаўленне жывёлы, правільны за ёй догляд і стымуляванне важных пытанняў прадуктыўнасці. Ён падзякаваў тэхнікам-асемянатарам раёна за працу і павітаў добрыя традыцыі па правядзенні гэтага важнага мерапрыемства.

Алесь Таполя



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *