Ельшчына, як і кожны іншы куточак нашай роднай Беларусі, 3 ліпеня ўрачыста адзначыла галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці. Гэты дзень з’яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару, данінай гераізму і стойкасці беларусаў.
Сімвалічна, што гэта вялікае свята атаясамліваецца з вызваленнем беларускага народа ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта 71 год таму краіна была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Паўстаўшы з руін, сёння Беларусь дамаглася права самастойна вызначаць свой лёс і заняла годнае месца ў сусветнай супольнасці. За невялікі для гісторыі тэрмін наша краіна здзейсніла магутны рывок у развіцці, зрабіўшы явай мару многіх пакаленняў аб стварэнні суверэннай і незалежнай дзяржавы.
Святочныя мерапрыемствы ў Ельску пачаліся з ускладання вянкоў да помнікаў воінам-вызваліцелям і мірным жыхарам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўніцтва райвыканкама, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый райцэнтра аддалі даніну памяці тым, хто ў ваеннае ліхалецце ахвяраваў свае жыцці ў абароне ельскай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Асноўныя святочныя мерапрыемствы разгарнуліся ў гарадскім скверы. Ля помніка абаронцам Ельска, дзе сабраліся ельчане і шматлікія госці, прайшоў мітынг-рэквіем «Зямля мая, блакітны дзіўны край!»
Пасля мітынгу прысутныя разышліся па тэматычных пляцоўках, якіх на свяце было нямала. На адкрытай сцэне ў гарадскім скверы адбыўся святочны канцэрт з удзелам калектываў аматарскай творчасці Ельскага раёна і гасцей з Украіны.
Непадалёк ад канцэртнай пляцоўкі размясціліся тэматычныя выставы ўстаноў культуры, праходзілі шматлікія конкурсы, атракцыёны і разыгрываліся латарэі.
З цікавасцю наведвалі дзеці і дарослыя выставу зброі, якую прадставілі пагранічнікі Мазырскага пагранатрада, а таксама выступленні аўчаркі Тэры пад каманды пагранічнікаў-кінолагаў.
Акрамя гэтага, усе жадаючыя маглі падсілкавацца рознымі прысмакамі ў гандлёвых кропках раённага спажывецкага таварыства.
У гэты святочны дзень у аграгарадку Дабрынь стартаваў рэспубліканскі фестываль-акцыя «Майстры мастацтва – працаўнікам вёскі», у рамках якога перад ельчанамі выступіў ансамбль «Свята».
На спартыўных пляцоўках прайшлі спартыўныя спаборніцтвы і турніры.
А вечарам ельчане і госці горада зноў сабраліся на гарадской плошчы на канцэрт і масавае гулянне. Спачатку самадзейныя артысты Ельшчыны дарылі ўдзельнікам свята свае музычныя нумары, а потым на сцэне выступіў ансамбль «Беларускія ўзоры» з Нароўлі.
Кульмінацыяй галоўнага свята краіны стала агульнае выкананне Дзяржаўнага гімна Беларусі.
Завяршылася свята маладзёжнай дыскатэкай.