Сучасная адукацыя ў Беларусі

Образование

 

Міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў ў час правядзення прамой тэлефоннай лініі і анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БелТА адказаў на шэраг пытанняў, што датычацца шляхоў развіцця сучаснай беларускай адукацыі.

Журавков 1

 

Павышэнне прэстыжу прафесіі настаўніка

Для павышэння прэстыжу, аўтарытэту настаўніка трэба ствараць станоўчы вобраз настаўніка ў нашым грамадстве, лічыць Міністр. З гэтай мэтай неабходна больш расказваць аб нашых выдатных педагогах, аб іх інавацыях, паказваць прыклады з жыцця настаўнікаў у СМІ.

Міхаіл Жураўкоў таксама адзначыў, што Міністэрства адукацыі са свайго боку будзе старацца стварыць самыя аптымальныя ўмовы для таго, каб педагог працаваў у творчай і камфортнай абстаноўцы. «Будзем клапаціцца, каб у яго было адпаведнае матэрыяльнае ўзнагароджанне, якое адпавядае жыццю людзей у нашым грамадстве», — дадаў Міхаіл Жураўкоў.

          Жураўкоў мае намер разабрацца з выкананнем настаўнікамі неўласцівых функцый. Паводле яго слоў, зараз праводзіцца маніторынг школ, гімназій па ўсёй рэспубліцы з мэтай высвятлення праблемы выканання настаўнікамі дадатковых, неўласцівых ім функцый. «Вывучаем статыстыку, глядзім структуру выконваемых настаўнікамі даручэнняў і высвятляем, хто іх дае. Акрамя таго, абмяркоўваем з настаўнікамі, дырэктарамі, прадстаўнікамі раённай улады пытанне аб тым, якім яны бачаць узаемадзеянне ў будучым, — сказаў міністр. — Пастараемся як мага хутчэй абагульніць гэтыя матэрыялы і сфарміраваць рэкамендацыі».

          Паступленне абітурыентаў у ВНУ

          У бліжэйшыя два гады абітурыенты не змогуць падаваць дакументы ў некалькі ВНУ адразу, заявіў Міністр адукацыі. Паводле яго слоў, у бягучым і наступным навучальным годзе абітурыент павінен падаваць дакументы ў канкрэтную ВНУ і здаваць канкрэтныя ўступныя экзамены ў тую навучальную ўстанову, якую ён выбраў. У перспектыве, можа, мы да гэтага прыйдзем і з’явіцца магчымасць падаваць дакументы ў некалькі ВНУ адразу, але пакуль не», — сказаў міністр.

          Ён таксама адказаў на пытанне адносна ўзмацнення адбору абітурыентаў пры паступленні ў ВНУ: «Ёсць пэўныя рэйтынгі, балы, паступленне на аснове адбору… Таму, на мой погляд, цяпер ставіць пытанне аб узмацненні якіх-небудзь патрабаванняў не зусім  правільна», — сказаў ён.

«Што датычыцца аб’яднання школьных і ўступных экзаменаў, то, мне здаецца, гэта пытанне цяпер яшчэ дачаснае, таму што экзамены ў школе павінны прадэманстраваць узровень засвоеных ведаў вучнямі па ўсіх прадметах за школьную праграму навучання. Пры паступленні ж абітурыент павінен прадэманстраваць пэўныя веды па пэўных прадметах, якія неабходна ведаць у ВНУ. Гэта крыху розныя задачы. Аб’яднаць іх, на першы погляд, вельмі проста, але на самай справе гэта складаная задача», — сказаў Міхаіл Жураўкоў.

Гаворачы пра будучую ўступную кампанію, ён адзначыў, што ў гэтым годзе парогавыя значэнні па прадметах ЦТ змяняцца не будуць, застанецца ранейшай мінімальная колькасць балаў, якую неабходна атрымаць абітурыенту для паступлення ў навучальную ўстанову. «Іншая справа, што мы крыху зменім падыход і будзе ўведзена паняцце профільнага прадмета, а таксама павялічыцца час для падачы ў асноўны перыяд паступлення і тым самым зменшыцца час дадатковага набору. Гэта асноўныя змяненні», — сказаў Міхаіл Жураўкоў. «Гэта значыць у бягучым годзе значных змяненняў, якія паўплываюць на лёс абітурыентаў і іх план падрыхтоўкі, уводзіцца не будзе», — запэўніў ён.

Міністр адукацыі адзначыў, што змяняць кошт навучання ў ВНУ ў бліжэйшы час не плануецца.

 

Падрыхтоўка па новых прафесіях

Зараз у Беларусі 185 устаноў прафтэхадукацыі і 128 устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі з іх 20 каледжаў уваходзяць у структуры ВНУ, акрамя таго, у Беларусі 12 каледжаў прыватнай формы ўласнасці.

«Мы ўводзім некалькі новых прафесій і спецыяльнасцей», — сказаў міністр. Так, ва ўстановах прафтэхадукацыі будзе адкрыта падрыхтоўка па новых прафесіях (па якіх раней падрыхтоўка ва ўстановах прафтэхадукацыі не ажыццяўлялася): «вырабляльнік марожанага» (Слуцкі дзяржаўны каледж), «аператар механізаваных і аўтаматызаваных складоў», «агент па арганізацыі абслугоўвання аўтамабільных перавозак» (Мінскі дзяржаўны прафесійны ліцэй нумар 2 лёгкай прамысловасці).

У 2015 годзе на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпершыню будзе ажыццяўляцца набор на спецыяльнасць «праграміруемыя мабільныя сістэмы» ў Мінскім дзяржаўным вышэйшым радыётэхнічным каледжы. Пасля заканчэння навучання спецыялісты атрымаюць кваліфікацыю «тэхнік-электронік». Сфера прафесійнай дзейнасці спецыяліста: прамысловыя прадпрыемствы і праектныя арганізацыі розных міністэрстваў і ведамстваў.

А з 1 верасня 2014 года ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачалося навучанне па трох новых спецыяльнасцях, адным напрамку спецыяльнасці, па якіх раней падрыхтоўка на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі не праводзілася: «абслугоўванне і эксплуатацыя жылых дамоў» — гэта была заяўка Міністэрства жыллёвай і камунальнай гаспадаркі; «мікра- і нанаэлектронныя тэхналогіі і сістэмы» (заяўка ААТ «Інтэграл»), «электроніка механічных транспартных сродкаў» (заяўка Міністэрства прамысловасці), «мехатронік пятага разраду (халадзільнае абсталяванне)» — па заяўцы Асацыяцыі прадпрыемстваў мікраклімату і холаду.

 

      Навучанне ў профільных класах

Вучні 10-х класаў з верасня 2015 года атрымаюць магчымасць навучацца ў профільных класах, падкрэсліў Міхаіл Жураўкоў. «Ужо на працягу двух гадоў у якасці эксперымента ў сярэдніх школах рэалізуецца магчымасць вывучэння прадметаў на павышаным узроўні ў рамках дзеючых навучальных планаў», — адзначыў міністр. «Мы плануем, што ў далейшым колькасць профільных класаў, іх накіраванасць, крытэрыі адбору здольных вучняў вызначыць школа сумесна з аддзеламі адукацыі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міністэрства», — сказаў ён. Пры гэтым Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, «што неабходна пакінуць дзецям, якія не змаглі выбраць профіль, магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю».

Цяпер у Міністэрстве адукацыі распрацоўваюцца крытэрыі адбору для залічэння ў 10-ы (профільны) клас, якія, магчыма, будуць прымяняцца ў будучым.

 

Школьныя падручнікі

Праблема базавых школьных падручнікаў была заўсёды і, напэўна, будзе. Нельга напісаць падручнік, які задаволіў бы ўсіх без выключэння. Відавочна, што такое немагчыма. Але ў нас узнікла ідэя стварэння базавага падручніка», — адзначыў кіраўнік ведамства. Міністр растлумачыў, што базавы падручнік будзе змяшчаць пэўны набор базавых ведаў, якія павінен ведаць кожны вучань. Гэта неабходны аб’ём ведаў для таго, каб вучань мог вучыцца добра і выдатна. «Да гэтага базавага падручніка будуць выдадзены рэкамендацыі па вялікай колькасці дадатковых матэрыялаў. Дадатковыя матэрыялы — гэта і інтэрнэт-рэсурсы, дадатковыя падручнікі альбо метадычныя матэрыялы. Дадатковыя матэрыялы будзе вызначаць альбо сам настаўнік-прадметнік, альбо педсавет школы ў залежнасці ад таго, які ўзровень вучняў у класе», — расказаў Міхаіл Жураўкоў.

Міністр падкрэсліў, што падручнікі пішуцца вельмі скрупулёзна і мяняць іх кожны год немагчыма, таму з’явілася ідэя пераходу да базавага падручніка і дадатковых матэрыялаў.

 

Прыватныя дашкольныя установы

Амаль увесь мінулы год ішла размова аб неабходнасці адкрываць як мага больш прыватных дашкольных устаноў і груп у шматпавярховых дамах. Вынікам работы спецыяльнай камісіі стала тое, што на падставе пастановы Міністэрства аховы здароўя ад 27 кастрычніка 2014 года нумар 72 былі спрошчаны патрабаванні да адкрыцця сямейных дзіцячых садоў на першых паверхах у жылых памяшканнях існуючага жыллёвага фонду (катэджнай забудовы). Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што гэта было зроблена ў мэтах стымулявання стварэння ўстаноў адукацыі прыватнай формы ўласнасці. У дашкольнай адукацыі цяпер вельмі актуальна дзяржаўна-прыватнае партнёрства.

На сённяшні дзень у Беларусі працуе 10 прыватных устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі (Мінск — 7, Мінская вобласць — 1, Магілёўская вобласць — 2).



2 комментария по теме “Сучасная адукацыя ў Беларусі

  1. Сколько можно экспериментировать в образовании??????!!!!!!!
    Ни один год не обходится без экспериментов. Устали все от этого. Дайте детям возможность учиться, а учителям спокойно учить, а не бумажки писать да мониторинги проводить. Вспомните нашу советскую школу, возьмите все лучшее, что было там и ничего больше не надо!!!!

  2. Что правда, то правда! Разделяю это мнение.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *