Ельскі хлебазавод сёння – гэта хрумсткі хлеб, духмяныя багетныя батоны, заварныя хлябы, дыетычныя вырабы, якія змяшчаюць абалоніну, клейкавіну і вотруб’е, а таксама больш дзясятка арыгінальных кандытарскіх распрацовак, у тым ліку навінка – круасаны з заварным крэмам.
Але мэта ў хлебапёкаў нязменная – выпуск высакаякаснай прадукцыі, здольнай задаволіць пакупніцкі попыт горада і раёна.
Не першы год на заводзе працуе Таццяна Вераскун. Яна пачынала тут свой працоўны шлях з хіміка-тэхнолага, а зараз ужо на пасадзе загадчыка сектара якасці, стандартызацыі і сертыфікацыі Ельскага раённага спажывецкага таварыства. Таццяна Вячаславаўна распавяла, што на прадпрыемстве імкнуцца сачыць за попытам і прапанаваць ельскім пакупнікам усё, што сёння ў стане выпусціць прадпрыемства.
Бо чалавеку, які прыйшоў у краму, важнай з’яўляецца не толькі якасць, але і разнастайнасць прадукцыі. Асартымент прадукцыі кожны дзень налічвае больш за 40 найменняў хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. У шырокім асартыменце выпускаюцца жытнёва-пшанічныя хлябы, заварныя гатункі хлеба, вырабы са збожжавымі дадаткамі і вобмешкай, дыетычны хлеб, які выпускаецца невялікімі партыямі, хлеб для тостаў, булачныя вырабы, пірагі, пляцёнкі, пампушкі, слойкі, дробнаштучная прадукцыя, частка якой пакуецца ў тэрмаплёнку. Большасць усёй прадукцыі рэалізуецца ў крамах Ельскага райпо, астатняя, паводле дамовы, – у прыватных крамах, школах і дашкольных установах раёна.
У цяперашняга пакупніка ёсць альтэрнатыва – магчымасць купляць хлеб розных прадпрыемстваў, і ён набывае менавіта тую прадукцыю, якая задавальняе яго па смаку і якасці. А ельскі хлеб карыстаецца попытам. За суткі прадпрыемства выпускае каля 4 тон хлебабулачных вырабаў. А за месяц адпускаецца звыш 100 тон хлебабулачнай прадукцыі, якую чакаюць не толькі ў Ельскім раёне, але і ў Нараўлянскім. На думку спецыяліста, гэтая лічба гаворыць сама за сябе. У 2013 годзе на рэспубліканскім аглядзе якасці кандытарскіх і хлебабулачных вырабаў «Ласунак 2013» хлеб «Аршанскі» атрымаў залатую ўзнагароду, а булка-ватрушка «Фруктовая» – сярэбраную.
– Прадпрыемстваў, якія выпускаюць хлеб па адной рэцэптуры і стандартам многа, але ўсё роўна смак розны. Проста ўсё трэба рабіць з душой, з любоўю. Ва ўсякім выпадку, мы прывыклі працаваць менавіта так, – патлумачыла Таццяна Вячаславаўна.
Немалаважны фактар поспеху, на думку спецыяліста вытворчасці, – людзі, якія працуюць на прадпрыемстве. Ельскаму хлебазаводу ў гэтым плане пашанцавала: тут нямала тых, хто аддаў роднаму заводу не адзін год свайго працоўнага стажу, а значыць, душой прыкіпеў. Адна з такіх адданых сваёй справе работніц – майстар-пекар вытворчага цэха Ірына Асанава. «Ірына Барысаўна каля 20 гадоў працуе на прадпрыемстве, ведае пра хлеб і булкі ўсё і цяпер можа працаваць у любым цэху, заменіць, калі спатрэбіцца, любога працаўніка. Дзеля сваёй любімай працы Ірына Барысаўна можа ахвяраваць асабістым часам і заставацца на вытворчасці столькі, колькі патрэбна. Менавіта ад яе залежыць якасць прадукцыі, якая тут вырабляецца. Без яе вопыту прыйшлося б цяжка», – адклікаецца пра калегу Таццяна Вераскун.
Тыя вырабы, якія прыйдуцца пакупнікам да смаку, будуць і ў далейшым выпякацца на хлебазаводзе ў Ельску. Пры гэтым пекары абяцаюць рэгулярна песціць знаўцаў высакаякаснага хлеба і кандытарскіх вырабаў новымі вытанчанымі рэцэптамі.
Васіль Сакула