Рамязоўская школа — самая старэйшая школа ў Ельскім раёне. На працягу доўгага часу стваралася гісторыя школы, з якой звязаны лёсы многіх людзей, пісаўся яе летапіс на працягу 150 гадоў. У школьным музеі сабраны дакументы, фотаздымкі, успаміны калег і былых выпускнікоў школы….
31 студзеня 2015 года ў Рамязоўскай школе адбудзецца ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею школы.
Гісторыя нашай школы цікавая і насычаная. Рамязоўская школа з’яўляецца пераемніцай царкоўна-прыходскага вучылішча, якое пачало дзейнічаць у другой палове 19 стагоддзя. Сярод першых настаўнікаў можна назваць Мікалаева Івана, Рамана Глазко.
Вядома, што ў 1867 годзе народнае вучылішча мела ўжо 4 класы і абслугоўвала насельніцтва суседніх вёсак. Патрэбна адзначыць, што пры старым рэжыме некаторыя настаўнікі прымяналі цялесныя пакаранні ў адносінах да вучняў (за грубасць, прагулы, няяўку ў царкву, порчу школьнага інвентару).
У 1908 годзе заслужаны настаўнік Асветы БССР Сцяпан Малышчыцкі садзейнічаў пабудове новай школы, якая праіснавала да 1943 года. У час Вялікай Айчыннай вайны ў школе размяшчаўся варожы гарнізон. 16 ліпеня 1942 група партызан Ельскага атрада на чале з партыйным сакратаром Іванам Козінцавым здзейсніла налёт і разграміла гарнізон.
У пасляваенны перыяд навучанне вялося ў часова пабудаванай школе.
8 верасня 1951 года пачала функцыяніраваць новая школа, будынак якой пачаў узводзіцца ў 1941 годзе для ваенных мэт, бо ў ваколіцах вёскі знаходзіўся ваенны аэрадром. У гэтым будынку ўстанова адукацыі знаходзіцца і зараз. У даваенны і пасляваенны час школа абслугоўвала многія вёскі раёна. Пры школе быў інтэрнат, а многія дзеці дабіраліся пешшу.
У большасці сваёй сялянская моладзь старалася вучыцца і выйсці ў людзі. Многія працягвалі сваё навучанне далей і паступалі ў настаўніцкую семінарыю, некаторыя станавіліся афіцэрамі. За час свайго існавання з пачатку ўзнікнення і да цяперашняга часу ва ўстанове працавалі 19 загадчыкаў і дырэктароў.
Найбольш працяглы час кіраваў Малышчыцкі Сцяпан Маісеевіч, заслужаны настаўнік асветы БССР. Іменна яму належыць заслуга ў закладцы асноўных традыцый школы, у стварэнні префесійнага педагагічнага калектыву, аснову якога складалі таленавітыя настаўнікі. Сцяпан Малышчыцкі быў добры настаўнік, які вялікую ўвагу ўдзяляў грамадскай рабоце. У 1906 годзе яго разам з іншымі жыхарамі арыштавала царская паліцыя па абвінавачванню за ўдзел у агітацыі і прапаведаванні рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй. Пазней усіх вызвалілі. Малышчыцкі С.М. дабіўся дазволу на выдачу дзяржаўных грошай на пабудову ў Рамязах новай школы, якая была ўзведена ў 1908 годзе. Гэта была драўляная школа, у якой было дзва класныя пакоі, настаўніцкая, пакоі пад кватэру.
У 1939- 1941 гадах працаваў дырэктарам Рамязоўскай школы Кісялёў Ціхан Якаўлевіч. Разам з ім у школе працавала і яго жонка Лапіцкая Ніна Іванаўна, аўтар многіх падручнікаў па рускай мове. У бытнасць дырэктара пачалося будаўніцтва новай школы. Кісялёў Ціхан Якаўлевіч пасля вайны працаваў Старшынёй Савета Міністраў БССР, намеснікам старшыні Міністраў СССР, узначальваў Камуністычную партыю БССР. У 1983 годзе яго не стала. Кісялёў не раз наведваў Рамязы, дзякуючы яго намаганням у вёсцы з’явіліся асвальтаваныя вуліцы.
Выдатнік адукацыі Міхалёў Сямён Фёдаравіч любімай справе ў нашай школе прысвяціў больш за 40 гадоў. Ён прайшоў вайну, быў узнагароджаны медалямі. І зараз многія выпускнікі з удзячнасцю ўспамінаюць былога настаўніка.
З 1953 года атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымалі 1375 выпускнікоў, з іх 47 медалістаў.
Многія выпускнікі школы доўгі час працавалі ў навучальнай установе. Сярод іх былыя настаўнікі: Сіўчук Марыя Міхайлаўна, Шаўцова Акцябрына Міхайлаўна, Чарнякова Алена Міхайлаўна, выдатнік адукацыі БССР Цык Грыгорый Васільевіч, які пэўны час быў дырэктарам нашай школы.
Свой жыццёвы шлях прысвяцілі школе і дырэктар Чарнякоў Віктар Сяргеевіч, Шульман Кіра Маісееўна, настаўнік матэматыкі, Гуд Лук’ян Рыгоравіч, ваенрук, намеснік дырэктара Вахліс Марыя Донаўна, Цык Ніна Іванаўна, настаўнік нямецкай мовы, Мароцкая Людміла Антонаўна, Ільюк Надзея Сяргееўна і іншыя.
Зараз ва ўстанове 37 % педагогогаў — выпускнікі школы.
Сярод медалістаў і выпускнікоў Рамязоўскай школы ёсць вядомыя людзі Беларусі: пісьменнік — Іван Капыловіч, дырэктар інстытута кантролю ведаў- Мікалай Сцяпанавіч Фяськоў, пісьменнік – гісторык Сцяпан Іванавіч Міксюк, Сіўчук Віктар – член Беларускага саюза музыкальных дзеячаў, аўтар гімна Ваеннай Акадэміі і двух вершаваных зборнікаў, 16 патрыятычных песень.
Многія выпускнікі нашай школы – паспяховыя людзі, што працуюць у розных сферах вытворчасці. Шмат выпускнікоў выбралі настаўніцкі хлеб і працуюць на карысць свайго раёна. Медалісты школы: Сіўчук Вольга Сцяпанаўна – намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ельскага райвыканкама, Шчэрбін Людміла Рыгораўна — былы дырэктар Санюкоўскай школы, Паўлава Алена Іванаўна, намеснік дырэктара Ельскай раённай гімназіі, Петрухно Яўгенія Міхайлаўна, якая працяглы час працавала старшынёй Ельскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі.
Упэўнена школа крочыць у будучыню са сваім цяперашнім дырэктарам установы, выдатнікам адукацыі В.У. Шэцка. Значных поспехаў дасягае настаўніцкі і вучнёўскі калектыў установы адукацыі. Па выніках 2004, 2005, 2007, 2010, 2011, 2013 гадоў Рамязоўская школа — лепшая ўстанова адукацыі раёна, у 2009- 2-е месца ў вобласці сярод сельскіх устаноў адукацыі. Музей школы лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў у 2008, 2010 гадах.
У 2010 годзе, у сувязі з узнікненнем аграгарадка, у школе заменены вокны, адноўлены фасад будынка. У 2012 годзе школа рэарганізавана ў педагагічны комплекс “Рамязоўскі яслі-сад- сярэдняя школа Ельскага раёна” ў выніку зліцця Рамязоўскай сярэдняй школы і Рамязоўскага яслей-саду. Ва ўстанове зараз выхоўваецца 19 дашкольнікаў і навучаецца 39 вучняў, налічваецца 9 класаў-камплектаў, адна група падоўжанага дня. Працуе ў школе 18 педагогаў з вышэйшай адукацыяй, сярод якіх 4 мужчыны – педагогі і 14 жанчын. Педагагічны калектыў творчы, імкнецца выхаваць у навучэнцаў прыгажосць душы, дабрыню сэрца, вастрыню розуму. Педагогі выкарыстоўваюць сучасныя методыкі выкладання, пастаянна удасканальваюць сваё прафесійнае майстэрства. Вучні і настаўнікі з’яўляюцца пераможцамі многіх конкурсаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, актыўнымі ўдзельнікамі рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Педагагічны склад і вучэбна-матэрыяльная база дазваляе на высокім узроўні арганізаваць вучэбны працэс. Выпускнікі ўстановы становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, а многія выпускнікі атрымалі працоўныя прафесіі і з’яўляюцца гонарам раёна і рэспублікі.
Нізкі паклон усім тым, хто прадаўжае слаўную гісторыю самай старэйшай у раёне школы.
Людміла Трошка,
намеснік дырэктара,
настаўнік гісторыі Рамязоўскай школы
И перспективы у школы этой никакой. Скоро закроют с такой демографией.
Такова участь многих школ района.Но 150 лет существования — уже хорошо.С ЮБИЛЕЕМ!