Маладзёжны рух у краіне

Местные власти

На днях у Мінску у фармаце адкрытага дыялогу «Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня» прайшоў 42-і з’езд БРСМ. У маштабным форуме, які праходзіць раз у тры гады, прынялі ўдзел каля 3 тыс. чалавек.

Молодежь1
На з’ездзе падведзены вынікі работы арганізацыі, а таксама выбудавана стратэгія развіцця на бліжэйшыя гады. Першым сакратаром ЦК ГА БРСМ выбраны Андрэй Белякоў, выбраны Цэнтральны камітэт у складзе 27 чалавек, унесены змяненні і дапаўненні ў статут арганізацыі і зацверджаны новы ўзор маладзёжнага білета – у выглядзе банкаўскай карткі.

У Год моладзі, год высокай палітычнай адказнасці БРСМ мае намер прыняць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні кампаніі па выбарах Прэзідэнта. У планах БРСМ на 2015 год таксама рэалізацыя шэрага праектаў грамадзянска-патрыятычнай тэматыкі, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, забеспячэнне занятасці моладзі, у тым ліку развіццё студатрадаўскага руху.

Удзел у рабоце форума прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сваім выступленні ён даў ацэнку дзейнасці БРСМ, закрануў асноўныя праблемы, якія хвалююць сучасную моладзь. Кіраўнік дзяржавы падтрымаў рэспубліканскі патрыятычны праект «Кветкі Вялікай Перамогі!» і ўручыў пераходны сцяг, заснаваны ўказам Прэзідэнта, студэнцкаму будаўнічаму атраду «Дзвіна» імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі, які прызнаны лепшым па выніках 2014 года.

Паляпшыць становішча моладзі

Беларусь – адна з нямногіх дзяржаў, дзе маладзёжнаму руху ўдзяляецца асаблівая ўвага, зазначыў Аляксандр Лукашэнка. «Дзяржава ніколі не пакіне маладых людзей сам-насам са сваімі праблемамі, – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Мы гатовы выбудоўваць нашы адносіны з моладдзю на поўным узаемным даверы. Дзяржава зробіць усё для рэалізацыі канкрэтных мер, накіраваных на паляпшэнне становішча моладзі ў краіне».

На думку Прэзідэнта, адказнасць, самастойнасць, ініцыятыва павінны стаць галоўнымі рысамі пакалення моладзі, а разам з ім – і ўсёй краіны. У сваю чаргу дзяржава, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, не здымае з сябе задачы стварэння неабходных умоў для самарэалізацыі і адукацыі моладзі. «Дзяржава па-ранейшаму будзе стаяць на яе абароне, дапамагаць у адаптацыі да сучасных умоў, каб мы ўсе разам змаглі пайсці далей, да больш высокай якасці жыцця», – заявіў Прэзідэнт.

Падтрымка маладых сем’яў

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў рэгіёнах будзе нарошчвацца будаўніцтва жылля, а ў Мінску скарачацца. «Менавіта з наяўнасцю жылля сямейная моладзь часта звязвае рашэнне мець дзяцей. Нехта з асуджэннем скажа, што гэта вельмі прагматычна. Я адкажу: так, прагматычна. Але і патрыятычна таксама, паколькі гэта залог таго, што дзеці будуць абаронены ад бытавой неўладкаванасці, забяспечаны ўмовамі для нармальнага росту і развіцця», – лічыць Прэзідэнт.

У маладога пакалення ўзважанае і сур’ёзнае стаўленне да нараджэння і выхавання дзяцей. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта для гэтай сацыяльна адказнай большасці прызначана новая праграма дзяржаўнай падтрымкі «Вялікая сям’я», якую запусцілі з пачатку 2015 года.

З дабрабыту сем’яў складваецца дабрабыт нацыі. «Толькі такая формула здольна забяспечыць нам працвітанне», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Дабіцца поспеху ў сваёй краіне

Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні закрануў тэмы адукацыі моладзі. «Сённяшні тэхналагічны ўклад робіць свет даступным і ў пэўным сэнсе аднолькавым. Выраўноўваюцца магчымасці атрымання адукацыі і арганізацыі вытворчасці, укаранення найноўшых спосабаў лячэння і доступаў інфармацыі, правядзення даследаванняў і арганізацыі гандлю, – сказаў Прэзідэнт. – Таму, каб дабіцца камерцыйнага поспеху, навуковага прызнання, нарэшце, проста сямейнага дабрабыту, няма неабходнасці ехаць за акіян. Для гэтага не трэба нават пераязджаць з глыбінкі ў сталіцу. Усюды патрабуецца максімальнае ўкладанне ўласнай працы і настойлівасць у дасягненні мэты. Важна, каб кожны з вас як мага раней зразумеў і прыняў гэту простую ісціну».

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ён ні ў якім разе не адгаворвае моладзь ад уласцівага юнацтву жадання пабачыць свет, аднак сумленна працаваць і рэалізаваць свае задаткі і талент паспяхова магчыма і ў Беларусі.

Стаўка на амаладжэнне кадраў

Кампетэнтнасць, ініцыятыўнасць, самастойнасць і, галоўнае, сацыяльная адказнасць за будучае краіны – менавіта гэтыя якасці трэба фарміраваць у маладых грамадзян, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Нездавальняючы ўзровень кадравага забеспячэння дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі з’яўляецца даволі сур’ёзнай праблемай. У нас дагэтуль няма выразнай сістэмы каардынацыі маладзёжнай палітыкі з іншымі сферамі дзяржаўнай дзейнасці, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Нягледзячы на шматлікія праграмы, асобныя рэзервісты з перспектыўнага кадравага рэзерву не атрымліваюць рэальнага росту па дзяржаўнай службе».

Напрыклад, дзяржслужачыя ў Беларусі ва ўзросце да 29 гадоў у 2013 годзе складалі менш як 16 працэнтаў. У заканадаўчых органах працуюць толькі 3 працэнты маладых спецыялістаў, а ў мясцовых органах выканаўчай улады – крыху больш за 11 працэнтаў.

Прэзідэнт заявіў, што стаўка на амаладжэнне кадраў – гэта не проста словы, а сучасная палітыка, якая павінна ахапіць усе сферы дзейнасці.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта ўсе прапановы, якія прагучалі і яшчэ прагучаць на з’ездзе, сабраць і, сур’ёзна прааналізаваўшы, выбудаваць план рэалізацыі гэтых мерапрыемстваў.

Фота з архіва «НГ»



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *