Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня ўручыў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», спецыяльныя прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, «Беларускі спартыўны Алімп». Цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Палацы Рэспублікі.
«Беларускі народ заўсёды імкнуўся да стваральнага жыцця, заснаванага на працавітасці, справядлівасці, узаемадапамозе. Таму спакон веку ў пашане ў нас людзі, якія працуюць у імя падтрымання гэтых асноватворных маральных прынцыпаў. Мы ўзнагароджваем тых, хто прысвяціў жыццё справам міласэрнасці і дапамогі блізкім», — адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час цэрымоніі ўручэння прэмій.
Прэзідэнт падкрэсліў, што адна з галоўных мэт беларускай дзяржавы — стварэнне ўмоў для самарэалізацыі маладых грамадзян, гатовых прыкласці свае сілы і здольнасці на карысць Айчыны. «І ў гэты ўрачысты дзень мы аддаём даніну павагі людзям, якія дзень пры дні працуюць на дасягненне гэтай мэты. Высокіх узнагарод удастоены Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня», Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Бягучы год — гэта год 70-годдзя Вялікай Перамогі, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. «У Беларусі робіцца ўсё магчымае для захавання памяці пра яе. Мы ахоўваем гістарычную праўду і стараемся атрымліваць з яе бясцэнныя ўрокі. Дзякуючы працы, таленту работнікаў культуры ў мінулым годзе ўведзены ў строй сучасны будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і створана новая экспазіцыя ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Заслугі гэтых калектываў мы сёння таксама адзначаем», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У час цырымоніі ўшаноўвалі і тых, хто выхоўвае будучых чэмпіёнаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь даўно і трывала заняла месца ў ліку спартыўных дзяржаў. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што мінулы год быў адзначаны яркімі і памятнымі для беларусаў спартыўнымі падзеямі. «Упершыню за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі мы прымалі сусветны чэмпіянат. Нашы спартсмены дастойна паказалі сябе і на Алімпійскіх гульнях у Сочы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўручэнне прэмій «За духоўнае адраджэнне», спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, «Беларускі спартыўны Алімп» пацвярджае старажытную ісціну: добрыя справы заўсёды ўзнагароджваюцца. Кіраўнік дзяржавы падзякаваў узнагароджаным за тое, што яны паказваюць прыклад служэння грамадству і шчырай любові да роднай зямлі.
Па выніках 2014 года прысуджаны пяць прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Сярод лаўрэатаў гэтай высокай узнагароды — аўтарскі калектыў у складзе настаяцеля рэлігійнай абшчыны «Прыход храма абраза Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» у Мінску Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы протаіерэя Ігара Карасцялёва і дацэнта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Марыны Краўцовай. Іх намаганнямі створаны вучэбна-вытворчыя майстэрні пры названым прыходзе для сацыялізацыі людзей з цяжкімі захворваннямі. Лаўрэатам прэміі стаў таксама калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, які ўвасобіў нацыянальна-гістарычную тэматыку ў балеце «Вітаўт». Сярод лаўрэатаў і калектыў Рэспубліканскага інтэрната ветэранаў вайны і працы, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны, умацаванне ідэй чалавекалюбства і міласэрнасці ў грамадстве. Гэтай узнагароды ўдастоены і Цэнтральны камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, што ўнёс значны ўклад у грамадзянскае выхаванне і фарміраванне патрыятычнай самасвядомасці моладзі.
Кіраўнік дзяржавы прысудзіў 10 спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі. Сярод узнагароджаных — калектыў творчых майстэрань «Цэнтра сучасных мастацтваў» Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.
«Прызнацца, крыху нечакана было даведацца, што наша работа атрымала такую высокую ацэнку. Гэта надае ўпэўненасці ў тым, што наш цэнтр ткацтва будзе прадаўжаць жыць і развівацца», — лічыць дырэктар цэнтра Уладзімір Кавалёў. Дзякуючы таму што тканыя неглюбскія ручнікі экспанаваліся на выстаўках у Англіі, Бельгіі, Францыі, ЗША, Канадзе, Японіі і іншых краінах, свет больш даведаўся пра Беларусь, пра нашу культуру. Для сваёй калекцыі іх набыў амерыканскі музей «Метраполітэн». «Не ведаю дакладна, як цяпер, але раней нашы ручнікі ўпрыгожвалі адну з залаў ААН у Нью-Ёрку. Вырабы нашых майстрых ахвотна набываюць іншаземныя турысты, якія часта наведваюць цэнтр. Не памылюся, калі скажу, што за межамі рэспублікі знаходзяцца ўжо тысячы неглюбскіх ручнікоў. Вельмі хочацца, каб з цягам часу яны змаглі стаць такім жа сімвалам Беларусі, як слуцкія паясы», — сказаў Уладзімір Кавалёў.
Лаўрэатамі прэмій «Беларускі спартыўны Алімп» сталі спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы Марына Арзамасава, трэнер-выкладчык установы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастыцы мастацкай» Ірына Ільянкова, трэнер-выкладчык па лёгкай атлетыцы ўстановы «Мінская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву нумар 2 БФСТ «Дынама» Наталля Шыкаленка.