Эканоміка павінна працаваць стабільна

Местные власти

 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 снежня на нарадзе, прысвечанай актуальным пытанням эканамічнага развіцця краіны, заявіў аб нармалізацыі  праблемных пытанняў у развіцці эканомікі.

RIAN_01022061

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам быў прыняты шэраг рашэнняў, якія не вітаюцца асобнымі групамі кіраўнікоў. Сярод такіх рашэнняў — падаражэўшая валюта, кантроль над цэнаўтварэннем, падтрымка айчыннага вытворцы. «Пры гэтым трэба разумець, што з усіх бед мы выбіралі найменшую. І вырашаючы комплекс пытанняў, мы вызначылі галоўнае, без якога не можа быць вырашэння іншых. Гэта стабільнасць на валютным рынку», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Галоўнае цяпер — развіццё эканомікі, упэўнены Прэзідэнт. “Эканоміка павінна працаваць. Усё трэба рабіць у імя работы працоўных калектываў, таму што там нашы людзі — беларускі народ, які пасля свят і да іх павінен прыйсці на рабочыя месцы, працаваць і атрымліваць заработную плату. Вось уся логіка», — сказаў беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўніцтва ўрада далажыць аб тым, што зроблена за мінулы тыдзень па стабілізацыі эканамічнай абстаноўкі ў краіне і аб умацаванні крэдытна-фінансавай сістэмы ў цяперашніх умовах.

Старшыні аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама далажылі аб сітуацыі, што складваецца на месцах з улікам апошніх крокаў, прынятых урадам і Нацыянальным банкам. Старшыня КДК Леанід Анфімаў далажыў Прэзідэнту Беларусі аб распрацоўцы нарматыўна-прававога акта па спыненні незаконных валютных аперацый. Кіраўніцтва Камітэта дзяржкантролю прадставіла аналіз эфектыўнасці сістэмы ўзаемаразлікаў з Расіяй і прапановы па іх удасканаленні.

На нарадзе размова ішла і аб сітуацыі з пастаўкамі беларускіх прадуктаў харчавання ў Расію. Як далажыў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, пытанне паступова ўрэгулюецца і ў бліжэйшы час яшчэ некалькі прадпрыемстваў змогуць аднавіць работу з расійскім рынкам.

Перад вытворцамі і знешнепалітычным ведамствам пастаўлена задача ў наступным годзе актыўна працаваць над прасоўваннем айчыннай прадукцыі на экспарт, што дасць магчымасць стабільна функцыянаваць эканоміцы і прыцягнуць дадатковыя валютныя рэсурсы.

У цэлым кіраўнік дзяржавы падтрымаў меры, што прымаюцца ў краіне па недапушчэнні развіцця негатыўных тэндэнцый у фінансавым сектары і на спажывецкім рынку, даручыўшы і ў далейшым рабіць неабходныя крокі для падтрымання стабільнай работы эканомікі.

Па матэрыялах БЕЛТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *