Спыненне праваднога радыёвяшчання ў горадзе Ельску і на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў выклікала пэўную незадаволенасць сярод насельніцтва. Многія скардзіліся на парушэнне звыклага рытму жыцця, калі з раніцы і да позняга вечара людзі не выключалі радыё і ў любы момант маглі слухаць навіны краіны, раённае радыё, розныя перадачы.
Каб растлумачыць прычыны ліквідацыі сеткі праваднога радыёвяшчання, у рэдакцыі газеты «Народны голас» адбылася «прамая лінія» з прадстаўніком раённага вузла электрычнай сувязі (ВЭС). Начальнік участка эксплуатацыйна-тэхнічнага абслугоўвання і паспартызацыі ВЭС Міхаіл Кебец (на здымку) адказваў на тэлефанаванні жыхароў Ельшчыны.
Ён зазначыў, што РУП «Белтэлекам» зараз праводзіцца планавая паэтапная аптымізацыя сеткі праваднога вяшчання. Гэта звязана з крытычным тэрмінам эксплуатацыі апор паветраных ліній праваднога вяшчання, высокімі выдаткамі на іх эксплуатацыю і неабходнасцю мадэрнізацыі існуючай сеткі.
Так, з 10 лістапада 2014 года спынілася аказанне паслугі праваднога вяшчання ў г. Ельску. Аднак эфірны прыём гукавой праграмы «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё», удакладніў Міхаіл Кебец, будзе магчымы шляхам выкарыстання любога радыёпрыёмніка, які працуе ў дыяпазоне частот 65,9 – 74,0 МГц і 87,5 – 108,0 МГц. Такія радыёпрыёмнікі выпускаюцца ў Беларусі. Яны адпавядаюць патрабаванням электрабяспекі і пажарабяспекі, працуюць не толькі ад сеткі пераменнага току, але і ад батарэек, што дазваляе забяспечыць упэўнены прыём праграмы «Першы нацыянальны канал Беларускага радыё» нават у выпадку адсутнасці электрычнай энергіі.
На пытанне, дзе ж можна набыць такія прыёмнікі, Міхаіл Кебец растлумачыў, што РУП » Белтэлекам » прапануе набываць іх ў сэрвісным цэнтры па адрасе: г. Ельск, вул. Ленінская, 4. Коштуюць яны каля 180 тысяч рублёў. Прычым дадатковых плат за карыстанне радыёпрыёмнікам і трансляцыю праграм налічацца не будзе.
Таццяна Петрухно