Зберажы сябе ад грыпу

Здоровье

З прыходам восені лекары папярэджваюць нас аб надыходзячым сезоне прастудных інфекцый. Гэта, як правіла, звязана з халадамі, аслабленнем імунітэту і недахопам вітамінаў. Вострыя рэспіраторныя захворванні і грып займаюць першае месца па колькасці захварэўшых, цяжару хваробы і яе ўскладненняў. Таму кожны чалавек павінен забяспечыць максімальную абарону ад гэтых непрыемнасцяў для сябе і сваіх блізкіх.

Прививка
Медыкі сцвярджаюць, што найбольш эфектыўным і надзейным метадам прафілактыкі грыпу была і застаецца вакцынапрафілактыка. Дарэчы, тэма прафілактыкі грыпу абмяркоўвалася і ў час апаратнай нарады ў старшыні раённага выканаўчага камітэта Леаніда Пісаніка. Леанід Фёдаравіч даручыў кіраўнікам прадпрыемстваў арганізаваць вакцынацыю для сваіх работнікаў за кошт сродкаў прадпрыемства. Такія меры, упэўнены старшыня райвыканкама, дапамогуць захаваць здароўе супрацоўнікаў і іх працаздольнасць.
– У нашай рэспубліцы вакцынацыя праводзіцца з верасня па снежань, паколькі імунітэт павінен паспець сфармавацца да ўздыму захворвання, – тлумачыць галоўны ўрач Ельскай цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Цішкова. – Надзейная абарона развіваецца як правіла праз 10–15 дзён пасля прышчэпкі і «працуе» на працягу года. А ў людзей, якія перахварэлі на грып у мінулым ці прышчапляюцца ў апошнія некалькі гадоў, поствакцынальны імунітэт выяўляецца на працягу 5–7 дзён. Даўно пралічана і карысць прышчэпак з фінансавага боку: платная вакцына ў дзесяць разоў танней лячэння грыпу.
Не варта баяцца такіх «ускладненняў» пасля прышчэпкі, як пачырваненне або прыпухласць у месцы ін’екцыі або нязначнае павышэнне тэмпературы. Менавіта такім чынам нараджаецца імунітэт да захворвання. Уколы, якія абараняюць ад сезоннай інфекцыі, проціпаказаныя толькі тым, у каго ёсць анафілактычны шок у анамнезе, анкалагічныя, аутоімунныя захворванні.

Часовыя супрацьпаказанні – вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя хваробы, абвастрэнне хранічных. Непасрэдна ж пасля прышчэпкі рэкамендуецца пазбягаць ператамлення, перагравання або пераахаладжэння. Харчаванне павінна быць рацыянальным.
Да катэгорый грамадзян, якім абавязкова трэба прайсці вакцынацыю адносяцца дзеці ад 6 месяцаў да 18 гадоў, дарослыя з хранічнымі захворваннямі, людзі старэй 65-гадовага ўзросту, цяжарныя жанчыны, а таксама медыцынскія работнікі, працаўнікі сферы бытавога абслугоўвання, устаноў адукацыі, гандлю і грамадскага харчавання, транспартных арганізацый і іншыя.
У кастрычніку – лістападзе мінулага года імунізацыя ахапіла 3503205 чалавек, або 37,1 % насельніцтва рэспублікі. Гэта на 81324 чалавекі больш, чым годам раней. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту прышчэпкі ў мінулым годзе атрымала 18, 1 % насельніцтва, мясцовага бюджэту – 13, 5 %, асабістых сродкаў грамадзян – 0,27 %. Сёлета медыкі збіраюцца дабіцца яшчэ больш уражлівых вынікаў вакцынацыі супраць грыпу. Так, па інфармацыі міністэрства аховы здароўя Беларусі, восенню 2014 года ў Беларусі плануецца прышчапіць каля 3, 5 млн насельніцтва. За кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту прышчэпкі атрымаюць 13 % насельніцтва рэспублікі, за кошт сродкаў мясцовага бюджэту – 19 % насельніцтва, за сродкі прадпрыемстваў – 8 %.
Вакцынацыя супраць грыпу за кошт дзяржаўнага і мясцовага бюджэтаў будзе праводзіцца вакцынай «Флюваксін», якая выкарыстоўваецца ў краіне.

Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *