Восень дорыць педагогам свята

Общество

Штогод восень дорыць педагогам шмат радасных падзей. Гэта і свята ведаў – з белымі паветранымі бантамі, шчаслівымі ўсмешкамі дзяцей, першым званком і, канешне ж, прафесійнае свята – Дзень настаўніка.

Кравцова
Вось і ў гэтыя выхадныя дні, 5 кастрычніка, з сардэчнай цеплынёй і душэўным хваляваннем з прафесійным святам – Днём настаўніка – павіншуюць педагогаў дзеці і іх бацькі.
У гэты кастрычніцкі дзень звычайна хораша і ўрачыста на душы ў педагогаў, іх вучняў, бацькоў… Нават у тых, для каго шумлівыя школьныя гады засталіся далёка ў мінулым. Бо такое ўжо гэта свята – Дзень настаўніка. Яно мае адносіны да ўсіх і кожнага. І няхай сабе не ўсе яго адзначаюць, не ўсе віншуюць ці прымаюць віншаванні, але ці не кожны ў гэты дзень прыгадвае родную школу і любімых педагогаў.
За што звычайна дзякуюць педагогам? За навуку, за дапамогу ў абранні жыццёвага шляху, за цікавыя пазакласныя мерапрыемствы… А найчасцей – за цеплыню душы, неабыякавае стаўленне да дзяцей, іх праблем, турбот, іх лёсаў… За тое, што не вызначыш словамі, не запішаш лічбамі… Яно, тое няўлоўна-прыемнае, значнае, застаецца ў сэрцах выхаванцаў. Надоўга, а то і назаўсёды…
Словам, наўрад ці хто будзе спрачацца з тым, што педагог – прафесія складаная, шматгранная. Яна патрабуе пастаяннага творчага гарэння, самаўдасканалення, душэўных сіл і намаганняў, якая забірае амаль увесь вольны час… Затое ва ўзнагароду – мяккае святло чыстых дзіцячых вачэй, даверлівасць, цеплыня, удзячныя словы выпускнікоў. І – задаволенасць вынікамі сваёй працы, усведамленне правільнасці абранай прафесіі, якая столькі дае душы і сэрцу…

Таццяна ПЕТРУХНО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *