У многіх школах Гомельскай вобласці разам з равеснікамі за парты селі дзеці ўкраінскіх бежанцаў. Так склалася, што для гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак вучэбны год пачаўся далёка ад дома. Там, на жаль, замест першага званка грымяць узрывы і раздаецца стральба.
Па звестках аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на 26 верасня 2014 г., у Ельскім раёне вучнямі з Данецкай і Луганскай абласцей папоўніліся Старавысокаўская, Качышчанская, Скараднянская, Зашырская, Засінцаўская школы, Ельская раённая гімназія, школы № 1 і № 2 горада Ельска – усяго дваццаць два чалавекі. Восем дзяцей наведваюць дашкольныя ўстановы раёна, адзін малыш – цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Як адзначаюць спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, украінскія дзеці не засталіся без увагі. Яны забяспечаны бясплатнымі падручнікамі і харчаваннем у школе, за харчаванне малых у дзіцячых садках бацькі будуць плаціць 50 %, як і жыхары Ельшчыны. Таксама пры неабходнасці сем’ям аказваецца дапамога ў набыцці школьных прыналежнасцяў.
– У нашай школе зараз навучаецца 5 дзяцей з Украіны, столькі ж пайшло ў дзіцячы садок, – расказвае намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Старавысокаўскага ясляў-сада – базавай школы Кацярына Садольская. – Для нашай установы гэта вялікае папаўненне, мы з радасцю прынялі рабят у сваю сям’ю. Адкрытыя, ветлівыя, дружалюбныя, яны хутка пасябравалі з вясковай дзетварой і ўліліся ў навучальны працэс. Ёсць, праўда, некаторыя цяжкасці, звязаныя з тым, што выкладанне школьных прадметаў вядзецца на беларускай мове. Але ўпэўнена, што з цягам часу гэта праблема вырашыцца. Што датычыцца падручнікаў, то імі забяспечаны ўсе школьнікі без выключэння. Ёсць у рабят з Украіны і амаль усе неабходныя школьныя прыналежнасці, а калі чагосьці не хапае – настаўнікі дапамагаюць.
Самі новапрыбыўшыя старавысокаўскія школьнікі кажуць, што ў новым калектыве яны адчуваюць сябе камфортна і маюць жаданне вучыцца.
Жанна Рынгоўская