З нецярплівасцю чакаюць штогод жыхары Ельшчыны восеньскія кірмашы, каб запасціся на зіму сельскагаспадарчай прадукцыяй. Асаблівым поспехам карыстаецца ў насельніцтва Пакроўскі кірмаш, які пройшоў у гэтым годзе 4 кастрычніка на цэнтральнай плошчы горада Ельска.
Ужо з самага ранку на плошчы гучала музыка, чуліся спевы і галасы зазывалаў, якія запрашалі на кірмаш і, як купцы, расхвальвалі свой тавар. Цэнтр горада ўяўляў сабою маляўнічую карціну: у два рады размясціліся падворкі прадпрыемстваў і ўстаноў раёна. Прыгатаваныя стравы і прысмакі радавалі сваёй разнастайнасцю і апетытным выглядам, так і вабілі падысці і паласавацца імі. Чаго тут толькі не было! Разнастайныя марынады, салаты, смажаныя птушка і свініна (нават запечанае парася!), блінцы, выпечка і многае-многае іншае. Сувенірная прадукцыя ўражвала фантазіяй і майстэрствам вытворцаў. А над плошчай вітаў пах шашлыкоў, садавіны, агародніны, мёду і кветак.
Пакроўскі кірмаш – выдатная магчымасць для гаспадароў набыць сельскагаспадарчую прадукцыю па выгаднай цане. Удзел у мерапрыемстве прынялі сельгасарганізацыі і некаторыя прадпрыемствы раёна, раённае спажывецкае таварыства, установы адукацыі горада і індывідуальныя прадпрымальнікі.
З самага ранку каля машын з сельгаспрадукцыяй з’явіліся доўгія чэргі. Добра разыходзілася бульба, зерне, капуста. Кошт бульбы вагаўся ад 2500 да 3500 тысяч рублёў за кілаграм. Хутка была прададзена пшаніца, якой гандляваў КСУП «Дабрынь» па цане 3000 рублёў. Попытам карысталася і трыцікале, яно каштавала ад 2100 да 3000 рублёў. Гэтае зерне прадавалі райспажыўтаварыства, КСУП «Скараднянскі», КСУП «Дабрынь», ДП «Ельскае Палессе» і ДП «Падгалле». Капусту, якой гандлявалі ДП «Ельскае Палессе», райспажыўтаварыства, ІП «Гвоздзь і К», можна было набыць па цане 2000–2600 рублёў за кілаграм. Морква каштавала ад 2750 да 4050 рублёў, буракі – 2750–3500 рублёў, цыбуля – 3850–4500 рублёў за кілаграм. Дарэчы, самымі таннымі бульба, цыбуля, буракі і морква прадаваліся КСУП «Саўгас «Камуніст».
Мясная прадукцыя, якой гандлявалі КСУП «Ельск» і КСУП «Саўгас «Камуніст», таксама карысталася вялікім попытам у насельніцтва Ельшчыны. Напрыклад, салёнае сала (60 тысяч рублёў за кілаграм) і вяндліна (70 тысяч рублёў за кілаграм) у КСУП «Саўгас «Камуніст» былі раскуплены ў момант.
Таксама шматлюдныя чэргі былі каля гандлёвай кропкі Ельскага раённага спажывецкага таварыства, дзе гандлявалі садавінай, агароднінай і рыбай па прывабнай цане. Работнікі грамадскага харчавання прапанавалі ўсім жадаючым шашлыкі, гарачыя апетытныя бліны і іншыя стравы.
Актыўны ўдзел у кірмашы прынялі дашкольныя установы адукацыі, гарадскія школы і цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Настаўнікі, выхавацелі і школьнікі наперабой расхвальвалі сваю прадукцыю, запрашалі пачаставацца стравамі асабістага прыгатавання і набыць сувенірную прадукцыю.
Таксама на Пакроўскім кірмашы была прадстаўлена прадукцыя і некаторых прадпрыемстваў раёна. ААТ «Ельскі КБА» зрабіла выставу-продаж пасцельнай бялізны, вопраткі і іншых тавараў уласнай вытворчасці. Ельскі кансервавы завод гандляваў разнастайнымі марынадамі, сокамі і зялёным гарошкам. А Ельская мэблевая фабрыка і КЖЭУП «Ельскае» прадставілі вырабы з дрэва, якія выклікалі зацікаўленасць у ельчан. Тут жа можна было даведацца пра кошт вырабаў, зрабіць заказ сталоў, стулкаў і набораў мэблі.
Святочны настрой усім прысутным стваралі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна, якія размясціліся на імправізаваных нацыянальных падворках, прадстаўленых сумесна з работнікамі сельскіх Саветаў. Пад іх завадныя песні і жарты гандаль ішоў байчэй. А які ж кірмаш без казачных персанажаў! Усім спадабаўся каларытны мядзведзь з гармонікам, які разам са сваёй чароўнай спадарожніцай зазываў на кірмаш. Жадаючыя нават выстрайваліся ў чэргі, каб зрабіць з імі фота на памяць.
Спевы, жарты, гукі гармонікаў, галасы зазывалаў, гандаль, вясёлыя ўсмешкі людзей – усё стварала непаўторную атмасферу святочнага кірмаша.
Па меркаванні старшыні райвыканкама Леаніда Пісаніка, найбольш ярка і выразна прадставілі сваю прадукцыю сельгаспрадпрыемствы «Саўгас «Камуніст» і «Ельскае Палессе», а сярод прадпрыемстваў і ўстаноў раёна – аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яны не толькі маляўніча аздобілі свае падворкі, але і атрымалі нядрэнны прыбытак ад продажу прадукцыі.
Ганна ШЭМЕТАВА
В этом году лучше ярмарка организована. И товаров, овощей больше. Хоть картошки всем хватило. да и весело было.