«Кліч Палесся» – нацыянальны брэнд краіны

Общество

Трэці раз на гасціннай палескай зямлі ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці прайшоў Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». Гэтае свята стала сапраўднай культурнай падзеяй для ўсіх жыхароў Палесся.

IMG_3107

 

IMG_3429

 

IMG_3318                            IMG_3469

 

 

IMG_3299

 

IMG_3084

 

IMG_3044

«Палеская зямля – гэта ўнікальны край, скарбніца старадаўніх абрадаў, рамёстваў і фальклору, а яе жыхары адрозніваюцца велізарнай працавітасцю, шчырасцю і асаблівым пачуццём гумару, – гаворыцца ў прывітанні Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам і гасцям Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый «Кліч Палесся». – Гэты фестываль дапамагае нам усвядоміць сваю ролю ў сучаснай сусветнай культуры, аб’яднаць намаганні ў вывучэнні і захаванні неацэннага гістарычнай спадчыны«.
Аляксандр Лукашэнка лічыць сімвалічным, што ў Год гасціннасці фестываль набыў статус міжнароднага і шырока расчыніў дзверы для ўсіх гасцей аграгарадка Ляскавічы, які знаходзіцца ў сэрцы беларускага Палесся.

 

IMG_3355
Выступаючы перад прадстаўнікамі СМІ на прэс-канферэнцыі Сцяпан Бамбіза, генеральны дырэктар нацыянальнага парку «Прыпяцкі», адзначыў, што «Кліч Палесся» паслужыў імпульсам для развіцця гэтага куточка Палесся, аграгарадка Ляскавічы, і для захавання каштоўных палескіх здабыткаў. «Калі на першае свята ў 2010-м гасцей прыехала каля 6 тысяч, на другое ў 2012-м каля 20, то сёлета – гэта ужо міжнародны фестываль, і гасцей значна больш«, – расказаў Сцяпан Бамбіза. Ён падзяліўся з журналістамі сваімі думкамі наконт рэалізацыі дзяржаўнай праграмы па адраджэнню Прыпяцкага Палесся, развіцця нацыянальных традыцый і культуры беларускага народа.

IMG_3009
Прыемна, што ўдзельнікамі фэсту сталі выканаўцы народных песень і танцаў не толькі з нашай сінявокай Беларусі, але і з Расіі, Украіны, Польшчы, Малдовы, Кітая. «Сумесная творчасць збліжае людзей, дапамагае пераадолець існуючыя адрозненні, забыць пра кіламетры і межы… Гэты незвычайны форум дазволіць пашырыць свае ўяўленні пра народную творчасць і традыцыі«, – упэўнены старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. І сапраўды, яскравыя і каларытныя выступленні ансамбля песні і танца народаў Поўначы «Чукотка», ансамбля рускай песні «Бабкіны ўнукі» (Расійская Федэрацыя), народнага ансамбля «Чып» (Украіна), выканаўцы Чэн Хао з Кітая, калектыва беларускай песні «Світанак» з Польшчы, а таксама заслужаных аматарскіх калектываў з Беларусі – ансамбля танца «Дружба», вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Гомій», фальклорнага калектыву «Млын сонца» і іншых – уразілі гледачоў у час адкрыцця фестывалю «Кліч Палесся». Трэба адзначыць, што ў святочным канцэрце адкрыцця фестывалю прынялі ўдзел і ельчане – мужчынскі вакальны ансамбль з ПМК-64 і народны ансамбль «Ялінка».

IMG_3174
Менавіта тут, на адкрыцці міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый » Кліч Палесся» ў Ляскавічах, былі названы лаўрэаты на званне «Ганаровы паляшук». Такое званне прысвойваецца людзям, якія ўнеслі вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларускага Палесся, а таксама захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый гэтага рэгіёну. Рашэннем аргкамітэта фестывалю званне «Ганаровы паляшук» прысвоена Аляксандру Лукашэнку, Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Міхаілу Фінбергу, дырэктару – мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага аркестра сімфанічнай і эстраднай музыкі Беларусі, Івану Супрунчыку, дырэктару Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цярэблічы Столінскага раёна, Сцяпану Бамбізе, генеральнаму дырэктару нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Ім былі ўручаны дыпломы «Ганаровы паляшук». Сімвал звання – бронзавая статуэтка палешука і слуцкія паясы, вытворчасць якіх зараз адроджана ў Беларусі.
Кожны куточак аграгарадка Ляскавічы стварыў сваю непаўторную атмасферу сапраўднага свята. На некалькі кіламетраў па набярэжнай размясціліся падворкі. На іх гаспадары прадстаўляюць усё тое, чым так ганарыцца Палессе. На кожным падворку выстаўлены традыцыйныя для краю рамёствы і промыслы.

 
«Ельскі край – сакавіты рай!» – пад такой назвай быў аформлены падворак Ельскага раёна. Чаго тут толькі не было. І сокі вытворчасці Ельскага кансервавага завода, і дамашнія загатоўкі ельскіх гаспадынь, і выставы сокааджымалак розных гадоў, і, канешне ж, прыгожа выкладзеныя садавіна ды гародніна, з якіх аджымаліся сокі. А як усё гэта ўмеюць паднесці палешукі – гэта сапраўднае мастацтва. Адны адказна і з захапленнем прэзентуюць свае падворкі, іншыя ўдзельнічаюць у канцэртным марафоне. Падворак ператвараецца ў сапраўдны сельскі клуб, дзе на пляцоўцы можна і праспяваць з самадзейнымі артыстамі, і станцаваць.
Многія госці свята змаглі назіраць за конкурсам маладой сям’і «Уладар Палесся». У гэтым конкурсе дастойна прадставіла Ельскі раён сям’я Людмілы і Іллі Саломенка з Дзвіжак.
Яскрава і захапляльна праходзіў конкурс прыгажосці «Прыгажуня Палесся», у якім прынялі ўдзел дзве дзяўчыны з Ельскага раёна – Яна Семяненка і Кацярына Лазарчук. Хоць і не занялі нашы дзяўчаты прызавых месцаў, аднак навыкі і ўменні, якія яны набылі ў час падрыхтоўкі да конкурснай праграмы з візажыстамі, харэографамі, іншымі спецыялістамі цэнтра прыгажосці спатрэбяцца ім і ў далейшым жыцці.
Канцэртныя пляцоўкі, выставы друкаваных СМІ, народных рамёстваў, экскурсіі ў музеі прыроды, катанне па Прыпяці на цеплаходзе, разнастайныя атракцыёны, гульні, дыскатэка, незабывальны святочны фейерверк і лазарнае шоу – усё гэта прыйшлося да спадобы ўсім удзельнікам свята.
З упэўненасцю можна сказаць, што фестываль «Кліч Палесся», які беражліва захоўвае і перадае нашчадкам народныя традыцыі і мудрасць продкаў, стаў яшчэ адным нацыянальным брэндам краіны.

Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *