Чарговы тыдзень жніва завяршыўся ўзнагароджаннем пераможцаў гарачай уборачнай пары. На гэты раз віншавалі маладзёжны экіпаж, які першым у раёне намалаціў 1000 тон збожжа.
Маладыя камбайнеры сельгаспрадпрыемства «Ельскае Палессе» Павел Цімошчанка і Сяргей Прышчэп у суботу, 26 ліпеня, намалацілі ў агульную скарбонку гаспадаркі першую тысячу тон збожжа ад аднаго камбайна. У той жа час Уладзімір Бялоцкі, вадзіцель гэтага ж сельгаспрадпрыемства, на сваім аўтамабілі МАЗ-555 перавёз больш за тысячу тон збожжа.
Павіншаваць лідараў жніва прыехалі прадстаўнікі раённай улады, дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе», грамадскіх арганізацый, удзельнікі мастацкай самадзейнасці Старавысокаўскага цэнтра культуры і вольнага часу.
З працоўнай перамогай перадавых камбайнераў павіншавалі Анатоль Гапонік, першы намеснік старшыні райвыканкама, Валерый Гейхман, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Уладзімір Матузка, кіраўнік дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе», Ірына Шаўчук, першы сакратар Ельскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БРСМ», Святлана Данільчук, намеснік начальніка аддела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык.
Артысты Старавысокаўскага сельскага Дома культуры прэзентавалі механізатарам выдатны музычны падарунак. Цудоўныя песні у іх выкананні падарылі прысутным выдатны настрой.
Алесь Таполя