Работнікаў КСУП «Ельск» можна назваць «гарадскімі вяскоўцамі». Галоўная сядзіба гэтага сельгаспрадпрыемства знаходзіцца ў Ельску, а зямельныя ўгоддзі размясціліся на многія кіламетры вакол раённага цэнтра.
Работнікі КСУП «Ельск» штогод з’яўляюцца лідарамі раённага спабор-ніцтва на ўборцы збожжавых і нарыхтоўцы кармоў, неаднаразова ўшаноўваліся на рэспубліканскіх і абласных «Дажынках».
Зямельныя ўладанні КСУП «Ельск» – 8487 гектараў, у тым ліку 7823 га – сельгасугоддзі, з іх 4260 га – ворыва, каля 3 тысяч га – лугі і пашы. На тэрыторыі гаспадаркі 9 населеных пунктаў: Рэмезы, Аляксандраўка, Шарын, Дзвіжкі, Востраў, Боўгарка, Вішанькі, Багуцічы і Забоззе.
У КСУП «Ельск» працуюць чатыры паляводчыя ўчасткі, жывёлагадоўчы комплекс «Дзвіжкі», свінакомплекс «Багуцічы», чатыры малочнатаварныя фермы.
– Гараджанамі нас назваць можна з вялікай нацяжкай, – усміхаецца дырэктар КСУП «Ельск» Сяргей Шэцка. – Тэрыторыя сельгаспрадпрыемства настолькі вялікая, што трэба часам патраціць цэлы дзень, каб наведаць усе ўчасткі. А ёсць такія палі, дзе і зараз (асабліва пасля дажджоў) нават сучасная тэхніка не можа праехаць. Але мы не скардзімся, бо працаваць трэба пры любых умовах. У селяніна працоўны дзень круглы год: будзь то нарыхтоўка кармоў або ўборка ўраджаю.
У гэтую гарачую пару ў нас задзейнічана сем камбайнаў і чатыры аўтамабілі на адвозцы збожжа. Шмат вопытных хлебаробаў удзель-нічае ва ўборцы збожжавых. Яны заўсёды дапамогуць і падкажуць маладым, прыйдуць на выручку адзін аднаму. Нягледзячы на спякотнае надвор’е, камбайнеры не скар-дзяцца на сваю нялёгкую працу, а, наадварот, лічаць гэтую прафесію прэстыжнай і адной з самых неабходных, бо іх рукамі вырошчваецца хлеб.
У гэтым годзе ва ўборачнай кампаніі задзейнічана сем камбайнаў, якімі кіруюць: Аляксандр Гуд і Дзмітрый Малый, Мікалай Сышчанка і Анатоль Хамутоўскі, Аляксандр Аўраменка і Аляксандр Сарнаўскі, Аляксандр Раманаў і Вячаслаў Белы, Леанід Дудкоўскі і Міхаіл Пратасаў, Іван Дудкоўскі і Аляксандр Дубінскі, Валерый Кольчанка і Анатоль Петрухно. Вадзіцелі Сяргей Пучынец, Анатоль Ільюк, Аляксандр Ільюк, Анатоль Казлоў адвозяць толькі што намалочаное зерне на зерняток.
«Богу маліся, а сам працуй», – абвяшчае народная мудрасць. Менавіта нябесная канцылярыя часам уносіць свае карэктывы, прыносячы ўраганы, дажджы і град. Жнеі з Рамязоўскага сельскага Дома культуры, зразаючы налітыя каласкі для першага снапа ў час абраду «Зажынкі», просяць у матухны-прыроды добрага надвор’я, здароўя для хлебаробаў і багатага ўраджаю.
Рамязоўскія артысты – частыя госці на палявых станах і зернетаках, яны дараць работнікам сельскай гаспадаркі хвіліны адпачынку і добрага настрою.
Аляксандр Казлоў на пасадзе галоўнага агранома працуе першы год. Да гэтага не адзін сезон адпрацаваў за штурвалам магутнага КЗС-10. Таму парады галоўнага спецыяліста гаспадаркі для камбайнераў вельмі каштоўныя, таму што Аляксандр ведае ўсе тонкасці кіравання шматтоннымі машынамі.
Зараз Аляксандра хвалюе не толькі безадказная праца тэхнікі: «Шмат часу і сродкаў траціцца на перагон тэхнікі з аднаго ўчастка на іншы. Цёплае надвор’е спрыяе моцнаму росту пустазелля, што прыводзіць да дадатковых выдаткаў для прадпрыемства. Тэхніка працуе павольней, часцей здараюцца паломкі. Але звяно хлебаробаў працуе ў нас зладжана. На 1 жніўня ўжо намалочана 3600 тон збожжа пры ўраджайнасці 38,3 ц/га. Гэта нядрэнны вынік».
Сяргей Пучынец па жыцці вельмі сціплы чалавек, але за гэтай сціпласцю хаваецца працавіты і добрасумленны работнік, які, не лічачыся з асабістым часам, старанна працуе на карысць свайго прадпрыемства. Сяргей Дзмітрыевіч ужо некалькі гадоў працуе ў КСУП «Ельск», карыстаецца ў калектыве заслужаным аўтарытэтам. Давераную яму тэхніку рэдка можна ўбачыць на рамонце. А ўсё таму, што Сяргей Дзмітрыевіч ставіцца да яе з душой, своечасова праводзіць абслугоўванне аўтамабіля.
Яго старанні не застаюцца незаўважанымі. Узнагароды ў перыяд уборачнай кампаніі Сяргей Пучынец атрымлівае не ўпершыню. Заслужана ўшаноўвалі працавітага вадзіцеля ў час мінулагодняй гарачай пары. Тады ён перавёз больш 3500 тон збожжа. Па праву словы падзякі і віншаванні за свае працоўныя поспехі ён прымаў на сходзе перадавікоў народнай гаспадаркі раёна. І вось яна, новая працоўная перамога – першая тысяча тон перавезенага зерня новага ўраджаю!
Ужо другі сезон запар дапамагае работнікам сельгаспрадпрыемства на ўборцы збожжа Мікалай Сышчанка. Асноўнае месца работы маладога камбайнера – «Ельскае ПМС», дзе ён працуе інжынерам-гідратэхнікам. Разам са сваім напарнікам Анатолем Хамутоўскім падрыхтавалі камбайн КЗС-10 да гарачай пары і праверылі магутную машыну на зборы рапсу. Зараз маладзёжны экіпаж уровень з больш вопытнымі хлебаробамі працуе на ўборцы зерневых культур. » Немагчыма перадаць пачуцці, калі перад вачыма на многія кіламетры аж да самага гарызонту залаціцца збажына, а ты кіруеш паслухмянай мнагатоннай машынай у гэтым залатым моры. Прафесію хлебароба лічу адказнай і пачэснай, бо іменна ад яе залежыць дабрабыт і дастатак кожнага грамадзяніна», – гаворыць Мікалай Сышчанка.
Васіль САКУЛА