Трэцяга ліпеня гэтага года наша дзяржава адзначыць важную дату – 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні гэтай падзеі юбілейны медаль «70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» атрымаюць 116 жыхароў Ельскага раёна.
Большасці ўдзельнікаў тых далёкіх падзей, што пражываюць у Ельскім раёне, далёка за восемдзесят і нават дзевяноста гадоў. Таму ўручэнне юбілейных медалёў праходзіла ў цёплых, чуллівых абставінах па месцу жыхарства. Ветэраны ж, прымаўшыя ўзнагароду, стараліся трымацца бадзёра.
Так, на пачатку тыдня ваенны камісар Ельскага раённага ваеннага камісарыята Юрый Яначкін і намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Данільчук уручылі медаль і выказалі словы падзякі за мужнасць, стойкасць і гераізм, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Фёдару Тарасавічу Хмаруну. Яны таксама пажадалі ветэрану здароўя, бадзёрасці духу і шчасця на доўгія гады.
Жанна Рынгоўская