На працягу многіх гадоў вучні Ельскай школы-інтэрната сябруюць з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Паўлам Паўлавічам Бычкоўскім. Раней ён сам прыходзіў да дзяцей, удзельнічаў у розных школьных мерапрыемствах. А вось напярэдадні свята Вялікай Перамогі вучні разам з настаўніцай Ірынай Сідоранка завіталі да ветэрана ў госці. Павел Паўлавіч падзяліўся з вучнямі школы-інтэрната сваімі ўспамінамі. Расказваючы аб вайне, раненнях, аб сябрах, якія загінулі, ветэран не мог стрымаць слёзы. Дзеці з цікавасцю слухалі Паўла Паўлавіча Бычкоўскага, задавалі яму пытанні і наперабой віншавалі ветэрана са святам.
Вучні прынеслі ветэрану кветкі, падарункі, зробленыя сваімі рукамі. Яны разам з настаўнікамі школы сабралі для Паўла Паўлавіча так называемы «салдацкі паёк», які вельмі спадабаўся ветэрану.
Павел Паўлавіч Бычкоўскі прайшоў праз ваеннае ліхалецце і вельмі добра ведае, якой цаной дасталася нашаму народу перамога над фашызмам. Развітваючыся з вучнямі, ён пажадаў ім расці ў шчасці і згодзе, берагчы мір на зямлі.
Таццяна ПЕТРУХНО