Уладзіміра Сушчыка можна назваць адным з вопытнейшых і адказных працаўнікоў дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе», бо ўжо больш за 20 гадоў ён працуе на гэтым сельскагаспадарчым прадпрыемстве, а як кіроўца трактара – ужо чвэрць стагоддзя.
У зімне-стойлавы перыяд Уладзімір Пятровіч на сваім раздатчыку абслугоўвае некалькі жывёлагадоўчых комплексаў, у розных населеных пунктах, такіх, як Новае Высокае, Будкі, Паўлаўка, Загацце. Каб паспець у пэўны час пакарміць жывёлу, Уладзіміру Сушчыку патрэбна ў прамым сэнсе падняцца з першымі пеўнямі, бо раздача кармоў пачынаецца ўжо ў шэсць гадзін раніцы, а завяршаецца кармленне ажно пасля шостай гадзіны вечара. І так кожны дзень. Уладзімір Пятровіч з адказнасцю адносіцца да сваіх абавязкаў: не пакармі ў свой час каровак – гэта адразу адлюструецца на колькасці малака ці прыбаўцы ў вазе. У час вясенняй пасяўной кіраўніцтва прадпрыемства давярае вопытнаму трактарысту адказную працу – пасадку кукурузы, а потым і яе хімічную апрацоўку. У летні час агрэгат для хімпраполкі змяняецца на прэс, і ўвесь час Уладзімір заняты на цюкаванні сена і саломы.
Вырасціў Уладзімір Пятровіч сабе і дастойную змену: старэйшы сын Максім працягне справу бацькі, але ўжо ў стане механіка. У гэтым годзе Максім заканчвае Калінкавіцкі сельскагаспадарчы каледж і па накіраванні прыедзе ў гаспадарку, дзе працуе бацька.
Адданасць сваёй справе, выкананне яе з адказнасцю і якасцю – за гэтыя рысы характару цэніць кіраўніцтва прадпрыемства Уладзіміра Сушчыка. У гэтым годзе Уладзімір Пятровіч у складзе працаўнікоў дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе» абраны дэлегатам на раённы сход лепшых па прафесіі.
Васіль Сакула