У цэнтры ўвагі – ахова працы

Общество

Асноўным пытаннем на ХІ пленуме Ельскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які прайшоў на пачатку тыдня, было пытанне аб стане аховы працы і тэхнікі бяспекі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна і прадпрыемствах, якія абслугоўваюць аграпрамысловы комплекс.
DSC_4542
Удзел у рабоце пленума прынялі прадстаўнікі Гомельскага абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў АПК, раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, інжынеры па ахове працы і тэхніцы бяспекі прадпрыемстваў горада і раёна, грамадскія інспектары па ахове працы, прафсаюзныя лідары прадпрыемстваў і арганізацый і інш. Падрабязную інфармацыю пра стан аховы працы і тэхнікі бяспекі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Ельскага раёна і прадпрыемствах, якія абслугоўваюць АПК прадаставіў старшыня РА прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык. Ён адзначыў, што тэма аховы працы з’яўляецца вельмі актуальнай і ў сельскай гаспадарцы і ў вытворчасці.

Што датычыцца арганізацыі работы па ахове працы непасрэдна ў аграпрамысловым комплексе раёна, то тут трэба адзначыць работу адказных асоб за тэхніку бяспекі і ахову працы. На жаль, не ва ўсіх сельгас-прадпрыемствах раёна ёсць інжынеры па ахове працы – толькі ў чатырох з шасці.

Акрамя гэтага, на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада і раёна налічваецца 49 грамадскіх інспектараў па ахове працы, дзейнічае 11 грамадскіх камісій пры прафсаюзных камітэтах. Канешне, на прадпрыемствах, дзе ёсць адказныя за ахову працы асобы, адзначыў Георгій Цык, работа ў гэтым накірунку наладжана намнога лепш: ёсць уся неабходная інфармацыя па тэхніцы бяспекі, абсталяваны бытавыя пакоі, створаны ўсе ўмовы для плённай працы работнікаў прадпрыемства. Там, зразумела, адзначаецца і значна менш парушэнняў.

Пра арганізацыю работы ў галіне аховы працы і тэхнікі бяспекі непасрэдна на сваіх прадпрыемствах расказалі таксама старшыня прафсаюзнай арганізацыі ПМК-64 Святлана Бабруйка, інжынер па ахове працы КСУП «Ельскае Палессе» Ніна Конанава і старшыня прафсаюзнай арганізацыі УП «Ельскае ПМС» Наталля Пархоменка.

Канкрэтныя лічбы па колькасці парушэнняў у галіне аховы працы, зарэгістраваныя за дзесяць месяцаў бягучага года, прывёў Дзяніс Дашкевіч, загадчык сектара сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Ён адзначыў, што за гэты перыяд у сельгасарганізацыях Ельскага раёна затрымана 7 чалавек, якія кіравалі тэхнікай у стане алкагольнага ап’янення, 8 чалавек – наогул без права кіравання транспартнымі сродкамі, выяўлена 14 фактаў знаходжання вартаўнікоў на працоўных месцах у нецвярозым стане, 31 службовая асоба пакарана за допуск транспартных сродкаў на лінію без патрэбнага агляду і г.д. Калі ўлічыць, што сельгаспрадпрыемстваў у раёне ўсяго шэсць, то прыведзеныя лічбы не лепшым чынам сведчаць пра арганізацыю работы па ахове працы.

Прыклады траўматызму і няшчасных выпадкаў на вытворчасці па рэспубліцы і Гомельскай вобласці прывёў у сваім выступленні тэхнічны інспектар Гомельскага абкама прафсаюзаў АПК Сцяпан Петрушэнка. Многія з прыведзеных прыкладаў адбылі-ся па прычыне алкагольнага ап’я-нення пацярпелых і невыканання імі элементарных правілаў тэхнікі бяспекі. Сцяпан Петрушэнка адзначыў неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы па ахове працы на прадпрыемствах, работы, накіраванай на ўдасканаленне практыкі сацыяльнага партнёрства, абарону працоўных правоў, сацыяльна-эканамічных і прафесійных інтарэсаў работнікаў АПК.

Па ўсіх разгледжаных пытаннях, якія былі абмеркаваны на ХІ пленуме Ельскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК, прыняты канкрэтныя рашэнні.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *