Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Рэспубліцы Беларусь Міраслаў Майжыта наведаў у аўторак, 19 лістапада, Ельскі раён. Асноўная мэта візіту – знаёмства з Ельшчынай, яе асаблівасцямі і магчымасцямі, а таксама наведванне месцаў дыслацыравання ў гады Вялікай Айчыннай вайны славацка-польскіх войскаў на тэрыторыі Ельскага раёна.
Пасля хлебасольнай сустрэчы ганаровага госця на гасціннай ельскай зямлі прадстаўнікамі мясцовай улады адбылася афіцыйная сустрэча Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Славакія Міраслава Майжыта са старшынёй Ельскага раённага выканаўчага камітэта Леанідам Пісанікам. Пасля перамоў афіцыйных асоб для Пасла была арганізавана цікавая і насычаная праграма, якая як мага лепш дапамагла высокаму госцю пазнаёміцца з Ельшчынай, яе гісторыяй, традыцыямі і звычкамі. Удзел у візіце Пасла прымалі таксама другі сакратар Пасольства Славакіі ў Рэспубліцы Беларусь Міхаліч Любаш і Сцяпан Міксюк, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, пісьменнік-гісторык, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Расіі.
Пачалася азнаямляльная праграма з наведвання Ельскага краязнаўчага музея. Дырэктар музея Таццяна Кашэвіч цікава расказала пра экспанаты музея, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, і падрабязна спынілася на тых старонках гісторыі Ельшчыны, якія былі звязаны з іменем нацыянальнага героя Чэхаславацкай Рэспублікі Яна Налепкі.
Усім вядома, што Ян Налепка з’явіўся ў Ельску восенню 1942 года разам з прыбываючымі сюды славацкімі вайсковымі часцямі для аховы варожых аб’ектаў. Кватаруючы ў жыхароў горада, славакі спачувалі мясцоваму насельніцтву: яны на свае вочы бачылі зверствы фашыстаў над мірнымі жыхарамі. Будучы начальнікам штаба 101-га славацкага палка, капітан Ян Налепка стварыў у палку падпольную групу, у пачатку 1943 года ўстанавіў сувязь з савецкімі партызанамі і падрыхтаваў арганізаваны пераход на іх бок. Пераход на савецкі бок адбыўся ў ноч з 14 на 15 мая 1943 года ў раёне вёскі Рамязы. 18 мая генерал А. Сабураў аддаў загад аб стварэнні чэхаславацкага партызанскага атрада, камандзірам якога быў прызначаны капітан Ян Налепка – Рэпкін (падпольнае прозвішча Яна). Гэты атрад неаднаразова вызначаўся ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Удзельнічаючы са сваім атрадам у Кіеўскай наступальнай аперацыі, 16 лістапада 1943 года Ян Налепка загінуў у баі за вызваленне горада Оўруча Жытомірскай вобласці.
Пра гэтыя гістарычныя факты ў музеі з гонарам расказвалі піянеры сярэдняй школы № 1 горада Ельска. Дарэчы, іх піянерская дружына носіць імя Яна Налепкі, як і адна з вуліц горада.
Пасля наведвання музея дэлегацыя ўсклала кветкі да мемарыяльнай дошкі, размешчанай на хаце па вуліцы Савецкай горада Ельска, дзе кватараваў Ян Налепка, і каля памятнага знака легендарнаму герою, а таксама наведала месца, дзе адбыўся пераход славацкага атрада на бок партызанаў, – каля вёскі Рамязы, на ўзбярэжжы ракі Чэрцень.
Наш зямляк, пісьменнік-гісторык Сцяпан Міксюк, які займаецца даследаваннем гісторыі ельскай зямлі, распавёў цікавыя факты пра падзеі далёкіх ваенных гадоў у гэтых мясцінах. Па яго словах, тут, дзе калісьці былі непраходныя балоты, яшчэ схавана многа таямніц. Адной з іх з’яўляецца разбіты танк, які яшчэ можна знайсці. У хуткім часе гэтым зоймецца пошукавая група, упэўніў Сцяпан Іванавіч.
Пасля падарожжа ў гісторыю шлях дэлегацыі быў працягнуты ў Старавысокаўскі цэнтр культуры і вольнага часу, дзе прадстаўнікам Славакіі былі маляўніча прадстаўлены мясцовыя традыцыі. Так, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Славакіі ў Рэспубліцы Беларусь Міраслава Майжыта гасцінна сустрэлі дырэктар установы культуры Уладзімір Невяроўскі і мастацкі калектыў «Весялухі». Уладзімір Невяроўскі правёў гасцей па Цэнтры культуры і вольнага часу, паказаў ім выставы, музейны куток, бібліятэку. Ганаровыя госці са Славакіі мелі магчымасць паспрабаваць нацыянальныя стравы беларускага народа, паўдзельнічаць у народных танцах і гульнях, дакрануцца да нацыянальных звычаяў і абрадаў.
Акрамя гэтага, дэлегацыя наведала некаторыя памятныя мясціны Ельшчыны. Да памятнага знака ў вёсцы Новае Высокае і да помніка ў вёсцы Жукі, устаноўленых мірным жыхарам, якія былі знішчаны фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікі дэлегацыі ўсклалі кветкі.
Сімвалам усталявання больш цесных сяброўскіх сувязяў паміж славакамі і беларусамі, ельчанамі – у прыватнасці, а таксама завяршаючым момантам сустрэчы стала сумесна пасаджанае Паслом Славацкай Рэспублікі Міраславам Майжытам і старшынёй Ельскага раённага выканаўчага камітэта Леанідам Пісанікам у гарадскім скверы дрэва.
Ганна Гаўрылава
Ого-го! Сколько фотографий поставили на сайт! Только по ним можно все узнать о визите высокого гостя. Спасибо, журналисты, за ваш труд.