Усенароднае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі 2013» вось ужо сямнаццаты раз прайшло на беларускай зямлі. На працягу двух дзён, 27 і 28 верасня, у горадзе беларускіх металургаў Жлобіне адбывалася ўшаноўванне лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу рэспублікі. Галоўны сімвал свята – хлебны каравай
Спрадвеку ў нашых продкаў галоўным сімвалам свята быў хлебны каравай. Яму кланяліся, яго цалавалі і спрабавалі на смак, да яго ставіліся з асобай пашанай, бо ў ім – калектыўная праца мноства людзей,
Галоўным сімвалам рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013» стаў хлебны каравай вагой 200 кг. Вышыня пяці-яруснага сімвала свята склала 2 метры і крыху больш у дыяметры. Спечаны каравай майстрамі прадпрыемства «Гомельхлеб-прам». Менавіта сваеасаблівы шэдэўр хлебапячэння і ўзначаліў святочнае шэсце пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і нарыхтоўцы кармоў. У час шэсця гэты хлебны цуд, што быў выпечаны з зерня новага ўраджаю, везлі на спецыяльным аўтамабілі. Пасля каравай заняў пачэснае месца на галоўнай сцэне свята каля Палаца металургаў.
Пад час святочных мерапрыемстваў хлебапёкамі прадпрыемства «Гомельхлебпрам» быў арганізаваны фестываль каравая, на якім госці «Дажынак» змаглі сваімі вачыма ўбачыць сапраўдныя хлебныя цуды, падзі-віцца майстэрствам хлебапёкаў Гомельшчыны.
Гонар і пашана хлебаробам
Па добрай традыцыі на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы «Дажынкі» падводзяцца вынікі працы хлебаробаў.
«Сямнаццаць гадоў таму, адраджаючы «Дажынкі», мы пастараліся не толькі захаваць старадаўнія звычаі, але і надаць ім новае дыханне. Сёння галоўнай падзеяй фествалю-кірмашу становіцца ўшанаванне герояў жніва, якія сваімі мазолістымі рукамі, майстэрствам і самаадданай працай здабываюць беларускае золата, імя якому – хлеб», – адзначыў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на свяце ў Жлобіне. Паводле яго слоў, сучасныя «Дажынкі» – гэта не толькі свята, але і важны сацыяльны праект. Ён са-дзейнічае павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню ўвагі моладзі да сельскагаспадарчых прафесій. Пераможцы гэтай уборачнай кампаніі – сапраўдныя героі нашага часу: паспяховыя людзі, якія адбыліся, служаць прыкладам падрастаючаму пакаленню, лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка па традыцыі ўзнагародзіў пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі ў 2013 годзе першыя месцы. У якасці ўзнагароды перадавікі атрымалі легкавыя аўтамабілі і грашовыя прэміі.
Пераможцаў рэспубліканскага спаботніцтва па ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, якія занялі другое і трэцяе месцы, павіншавалі віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы і міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц. Яны ўручылі хлебаробам Ганаровыя дыпломы і грашовыя прэміі.
Прыемна зазначыць, што сярод пераможцаў адзначаны і наш зямляк – Яўген Крывенькі, малады вадзіцель з КСУП «Скараднянскі», які заняў другое месца ў намінацыі «пераможца спаборніцтва сярод старэйшых камбайнераў, камбайнераў маладзёжных экіпажаў і маладых вадзіцеляў сельскагаспадарчых арганізацый». Віцэ-прэм’ер Беларусі Міхаіл Русы ўручыў Яўгену Ганаровы дыплом і грашовую прэмію ў памеры 8 мільёнаў рублёў.
Звяртаючыся да працаўнікоў вёскі, Прэзідэнт адзначыў, што ад стану спраў у сельскай гаспадарцы ў многім залежыць устойлівае развіццё эканомікі і незалежнасць дзяржавы. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што за апошнія дваццаць гадоў краіна прайшла шлях ад пустых прылаўкаў і харчовых талонаў да прадуктовага багацця, экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі на $5 млрд. У суверэннай Беларусі, як ні ў адной краіне СНД, створана надзейная база агра-прамысловага комплексу, працуюць магутныя трактарны і аўтамабільны заводы, прадпрыемствы сельскагаспадарчага машынабудавання і па вытворчасці ўгнаенняў, якія не толькі забяспечваюць патрэбнасці беларускіх аграрыяў, але і актыўна прасоўваюць прадукцыю на знешні рынак. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў,што дзякуючы сістэмнай дзяржаўнай палітыцы па адраджэнні і развіцці вёскі ў краіне не дапушчана сур’ёзных памылак на шляху станаўлення аграрнай галіны і захаванні буйнатаварнай вытворчасці. Актыўна праводзіцца мадэрнізацыя сельскагаспадарчых прадпрыемстваў,адзначаны паляпшэнні ў сацыяльнай сферы вёскі.
Многа ўвагі надаецца пад-трымцы працавітага беларускага сялянства, каб прыцягнуць у вёску высокакваліфікаваных спецыялістаў і стварыць усе умовы для замацавання там моладзі ў будучым. Як адзначыў Прэзідэнт, галоўныя сельскагаспадарчыя кампаніі – сяўба і жніво – зараз праходзяць без аўралаў, у нармальным планавым рэжыме. У цэлым, дасягненні аграрнай галі-ны відавочныя. Аляксандр Лукашэнка прывёў канкрэтныя факты: на працягу шэрагу гадоў у разліку на душу насельніцтва асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь займае першае месца сярод краін СНД, а па збожжы ідзе на адным узроўні з вядомымі ўсесаюзнымі жытніцамі Украінай і Казахстанам. Па вытворчасці мяса Беларусь зраўнавалася з Германіяй, а па малаку прыкладна ў два разы абганяе развітыя ў аграрных адносінах еўрапейскія краіны. Параў-нальна невялікая Беларусь уваходзіць у пяцёрку суветных лідараў па экспарту малакапрадуктаў.
Адзначаючы дасягненні беларускіх аграрыяў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сучасныя рэаліі патрабуюць яшчэ больш высокіх вынікаў. «Галоўная праблема, з якой трэба сёння пазмагацца і заўтра перамагчы яе, – гэта затраты ў сельгасвытворчасці. Калі ў бліжэйшыя два гады мы на чвэрць не зменшым затраты, то будзем мець сумны выгляд», – адзначыў Прэзідэнт.
Час уносіць свае карыктывы, і сёння галоўным крытэрыем эфектыўнасці работы аграпрамысловага комплексу павінен стаць атрыманы прыбытак, лічыць Прэзі-дэнт. Звяртаючыся да кіраўнікоў усіх абласцей, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што вынікі на хлебнай ніве могуць і павінны быць больш важкімі, і 10 млн тон збожжа ў год – гэта цалкам рэальны дасягальны рубеж.
Культурная праграма свята
Асноўныя мерапрыемствы рэспубліканскага фестывалю-кірмашу «Дажынкі-2013» праходзілі на вуліцах цэнтральнай часткі Жлобіна. У іх прымалі ўдзел тысячы гараджан і гасцей горада. У культурнай праграме «Дажынак-2013» былі задзейнічаны як прафесійныя, так і сама-дзейныя артысты. На свята працаўнікоў вёскі прыехала і выступі-ла з сольным канцэртам народная артыстка Украіны Таісія Павалій. Таксама спадабаліся гледачам і непасрэдным удзельнікам фестывалю-кірмашу выступленні такіх вядомых беларускіх выканаўцаў, як Аляксандр Ціхановіч і Ядзвіга Паплаўская, Алёна Ланская, Жанет, Беларускі дзяржаўны ансамбль «Песняры», група «Беларусы» і іншыя знакамітыя артысты беларускай сцэны.
Вельмі насычанымі і цікавымі былі канцэртныя праграмы, якія адпавядалі самым розным густам і запатрабаванням гледачоў. Яны праходзілі адначасова на дзесяці пляцоўках.
Спадабаліся гледачам паказальныя спартыўныя выступленні па акрабатыцы, гімнастыцы, чарлідынгу, каратэ, бодзібілдынгу, тайландскаму боксу, спартыўных танцах. З цікавасцю назіралі дарослыя і дзеці за выступленнем групы спецназу.
Да ліку смачных мерапрыемстваў на свяце «Дажынак-2013» трэба аднесці «Дзеруны-Фэст», на якім за 11 мінут было з’едзена 900 дранікаў. Такая колькасць дранікаў была прыгатавана ў падарунак гасцям «Дажынак» педагогамі і навучэнцамі Гомельскага кулінарнага каледжа. Як расказалі арганізатары фэсту, на гатаванне такой колькасці ежы пайшло некалькі гадзін. Трэба падкрэсліць, што ў Жлобіне ў адзін дзень быў устаноўлены рэкорд Беларусі па памеры выпечанай стравы: дыяметр 900 маленькіх дранікаў, выкладзеных у круг, склаў 1,8 м. Дранікі ахвотна елі і дарослыя, і дзеці.
«Прысмакі Гомельшчыны»
Вельмі цікава і непаўторна выглядалі ўзведзеныя ў сціслыя тэрміны гаспадарчыя падворкі, якія адлюстроўвалі каларыт і самабытнасць кожнага раёна. Іх з задавальненнем наведвалі госці свята. Азнаёмілі-ся са стылізаванымі падворкамі раёнаў Гомельскай вобласці, якія размясціліся на бульвары Металургаў у Жлобіне, віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы і губернатар Гомельскай вобласці Уладзімір Дворнік.
«Сакавітае раздолле» – так называўся падворак Ельскага раёна. Майстры Ельскай мэблевай фабрыкі, лясгаса, леспрамгаса, кансервавага завода, ПМК-96, КЖЭУП «Ельскае», ПМК-64 стварылі цікавыя драўляныя пабудовы: імправізаваны склеп, выставу кансерваваных вырабаў, сцэну, стылізаваныя аркі-калоны, сад. На гэтым падворку разгарнулі выставу-дэгустацыю сваёй прадукцыі работнікі кансервавага завода. Вясёлыя песні і танцы самадзейных артыстаў Ельшчыны запрашалі наведвальнікаў на «сакавіты падворак».
Гандлёвыя рады на свяце расцягнуліся на амаль што 5 кіламетраў. На вуліцах горада было ўзведзена каля 400 павільёнаў, абсталявана вулічных кафэ на 8,5 тысячы месцаў. Удзельнікаў і гасцей фестывалю, як паведамілі арганізатары свята, абслугоўвалі больш за 200 гандлёвых арганізацый з усіх абласцей Беларусі.
Жлобін – сталіца «Дажынак»
Жлобін чакаў свята і сур’ёзна да яго рыхтаваўся. За кароткі тэрмін сёлетняя сталіца «Дажынак» набыла другую маладосць. «Асаблівасць сённяшніх «Дажынак» у тым, што такога кароткага перыяду, за які мы павінны былі падрыхтаваць свята, краіна яшчэ не ведала, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Многія прапаноўвалі правесці «Дажынкі», але не згадзіліся жлобінцы: чаму не ў іх? І мною было прынята рашэнне: калі губернатар не супраць, жлобінцы – за, калі ласка, але ў вас застаецца ўсяго 7–8 месяцаў. І ў гэтыя сціслыя тэрміны ўдалося ажыццявіць усё, што мы цяпер бачым у Жлобіне».
Прэзідэнт пахваліў жыхароў Жлобіна за тое, што яны змаглі так хутка падрыхтавацца да рэспубліканскага свята. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ўсё зробленае застанецца жыхарам Жлобіна як падарунак гасціным гаспадарам фестывалю. У сталіцы сёлетніх «Дажынак» пабудавана і рэканструявана больш за трыста аб’ектаў, абноўлены дамы і вуліцы, электрыфікавана чыгунка, якая звязвае горад з Мінскам.
Да «Дажынак» у Жлобіне пабудавана новая гасцініца на 114 месцаў, палац гульнявых відаў спорту, з’явіўся новы новы дзіцячы сад, новы будынак краязнаўчага музея, добраўпарадкавана прывакзальная плошча і аўтавакзал, бульвар Металургаў і Палац культуры металургаў, зоны адпачынку ў гэтым жа раёне, упарадкаваны фасады жылых дамоў.
Да свята у Жлобіне з’явіліся і новыя славутасці: гістарычны сімвал горада ў выглядзе меднай ладдзі вышынёй 7 метраў, святлодыёдны фантан на 40 рэжымаў, каванае дрэва кахання, скульптурны паштальён Печкін.
Цяпер, кажуць гараджане, жыццё ў горадзе падзялілася на «да» і «пасля» фестывалю.
У наступным годзе рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі-2014» пройдзе ў Гарадку і Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці. Адпаведнае распараджэнне 13 верасня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
Таццяна Петрухно