Рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі 2013”, які прайшоў 27 – 28 верасня ў Жлобіне, пакінуў мноства яркіх і запамінальных уражанняў ва ўсіх непасрэдных удзельнікаў мерапрыемства і гасцей горада. Правядзенне фестывалю на высокім ўзроўні было ацэнена кіраўніцтвам краіны і надоўга запомнілася героям жніва -2013.
Заслуга ва ўсіх гэтых поспехах – усёй вобласці, у тым ліку і працаўнікоў нашага раёна. Некалькі месяцаў запар прадстаўнікі многіх прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама грамадскіх аб’яднанняў Ельшчыны працавалі на будаўніцтве і добраўпарадкаванні некаторых аб’ектаў Жлобіна. Сваім стараннем і намаганнямі ельчане поруч з прадстаўнікамі іншых раёнаў вобласці імкнуліся зрабіць так, каб Гомельшчына дастойна была прадстаўлена на рэспубліканскім узроўні.
На днях у Ельскі раённы выканаўчы камітэт прыйшоў падзячны ліст ад Жлобінскага раённага выканаўчага камітэта і Жлобінскага раённага Савета ветэранаў са шчырамі словамі сардэчнай удзячнасці ў арганізацыі правядзення рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі 2013”. “Дзякуючы вашай падтрымцы, — гаворыцца ў звароце да ельчан, — мерапрыемствы свята прайшлі на высокім арганізацыйным, тэхнічным і творчым узроўні, у добразычлівай абстаноўцы, атрымаўшы пазітыўны водгук і вялікі рэзананс у жлабінчан і гасцей Жлобіна”.
Ганна Гаўрылава