Якое жніво без «зажынак»?

Общество

Здаецца, зусім нядаўна земляробы праводзілі сяўбу, а зараз колас ужо наліўся і саспеў, збажына стаiць залатой сцяной і чакае руплівых рук хлебаробаў. Пара пачынаць жніво. Але якое жніво без «зажынак»?

Нашы продкі лічылі, што без гэтага свята збіраць ураджай нельга. Вось і ў мінулую суботу працаўнікі КСУП «Скараднянскі» правялі «зажынкі» на полі каля вёскі Мядзведнае. На краю пшані-чнага поля роўнай шарэнгай выстраіліся магутныя збожжаўборачныя камбайны. А каля іх – галоўныя героі жніва – механізатары і вадзіцелі, тыя, чыiмi рукамi i нястомнымi намаганнямi будзе сабраны сёлетнi ўраджай. Усе выступленні, віншаванні і песні былі адрасаваны менавіта ім. Імправізаванае свята на збожжавым палетку атрымалася дзякуючы выступленню членаў калектыву «Валошкі» з Валаўскага цэнтру народных традыцый. Самадзейныя артысты ў лепшых беларускіх традыцыях павіншавалі хлебаробаў з пачаткам уборачнай кампаніі. Над палеткам гучалі песні, з якімі нашы дзяды-бабулі пачыналі жаць жыта.

DSC_9067DSC_9121
Кіраўнік гаспадаркі КСУП «Скараднянскі» Васіль Касенка павіншаваў хлебаробаў са стартам масавай уборачнай кампаніі і пажадаў камбайнерам, вадзіцелям і механізатарам поспехаў у гэтай важнай справе, якая становіцца фінішам усёй хлебаробскай працы. Да яго слоў далучыўся і старшыня райвыканкама Леанід Пісанік. Леанід Фёдаравіч адзначыў, што зараз перад хлебаробамі Ельшчыны стаіць вельмі адказная задача: у сціслыя тэрміны, не губляючы ніводнай хвіліны, без страт сабраць вырашчаны ўраджай. Ён выказаў надзею, што хлебаробы сёлета збяруць добры ўраджай хлеба.

У сваю чаргу, удзельнік жніва Іван Кашэль, вадзіцель КСУП «Скараднянскі», выказаў ўпэўненасць, што ўсе намаганні хлебаробаў, Божая дапамога, а таксама спрыяльнае надвор’е і баявы працоўны настрой дапамогуць хлебаробам сабраць добры ўраджай.

Першыя снапы, па традыцыі нашых продкаў, былі зжаты сярпамі. Гэта права атрымалі руплівыя працаўніцы Надзея Коркуць і Марыя Ляўкоўская. З пажаданнямі багатага ўраджаю жанчыны ўручылі кіраўніку раёна і гаспадаркі першы сноп, які, згодна з традыцыямі продкаў, захоўвалі на працягу года. Зажыначнаму снапу аказвалася асаблівая пашана. Яго ставілі на покуці. Лічылася, што зерне з гэтага снапа валодае цудадзейнай сілай. Калі пачыналася азімая сяўба, яго дамешвалі ў насенне.

Механізатараў і ўсіх тых, хто будзе заняты на ўборцы збожжавых, таксама павіншавалі Анатоль Гапонік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, і іерэй Віктар, настаяцель Храма святога пакутніка Дзімітрыя Салунскага.

Іерэй Віктар благаславіў хлебаробаў, асвяціў святой вадой усіх удзельнаў свята «зажынак», а таксама тэхніку і хлебную ніву. Пасля чаго механізатары завялі рухавікі камбайнаў, і ўборачныя агрэгаты адзін за адным пайшлі па полі.

У добры шлях, хлебаробы!

Таццяна Петрухно



1 комментарий по теме “Якое жніво без «зажынак»?

  1. Хорошо, что начали обращаться к вере. Без божьей помощи и благословения ничего не будет. Вот и отец Виктор хлебную ниву освятил на добрый урожай. Пусть бы и в других хозяйствах об этом подумали….

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *