Вопытны вадзіцель з Валаўска

Общество

За сваё працоўнае жыццё – 28 гадоў – вадзіцель КСУП «Скараднянскі» Іван Кашэль праехаў па ўсіх дарогах Ельскага раёна і не толькі. Добразычлівы чалавек, старанны і руплівы работнік пачаў свой працоўны шлях у 1982 годзе ў Валаўску трактарыстам, затым была служба ў арміі і зноў родны саўгас.

DSC_9146
За гады яго працы ў гаспадарцы змянілася некалькі кіраўнікоў і сама назва (цяпер КСУП «Скараднянскі»). А вось ён застаўся верным абранаму шляху, не здрадзіў любімай прафесіі. Іван Антонавіч з гонарам расказвае, што адпрацаваў на адным месцы шмат гадоў.

– Сёлета мая 28-я ўборка, – гаворыць мужчына. – Дваццаць гадоў я ад’ездзіў на ГАЗ–53. Ведаў у гэтым аўтамабілі, як кажуць, кожную дэталь, мог самастойна ліквідаваць любую няспраўнасць… Але час ідзе, і на змену старым машынам прыходзяць новыя, больш практычныя, здольныя перавозіць вялікія аб’ёмы грузаў за адзін рэйс. Таму я, не шкадуючы, шэсць гадоў назад перасеў на новы МАЗ, на якім перавожу камбікорм, шчэбень, шыфер і многае іншае, а ў час уборачнай – зерне. Вось і цяпер, як толькі дазволіць надвор’е і камбайны зноў выйдуць у поле, адправімся туды ж і мы, вадзіцелі. А зараз выконваем дзяржзаказ – адвозім зерне на ААТ «Калінкавічыхлебапрадукт».

Іван Кашэль не толькі добры працаўнік, але і прыкладны сем’янін. З жонкай Рытай Мікалаеўнай (працуе бухгалтарам у Валаўскім лясніцтве) яны вырасцілі двух сыноў. Старэйшы Саша – чыгуначнік, жыве і працуе ў Гомелі, мае сваю сям’ю. Малодшы Яўген асеў у Салігорску, працуе майстрам працоўнага навучання ў мясцовым прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы. Хлопцы часта наведваюць бацькоў, дапамагаюць.

– Дома, мы, як і многія аднавяскоўцы, трымаем гаспадарку, сеем агарод. Большасць клопатаў кладзецца на плечы жонкі, – прызнаецца Іван Антонавіч. – Адпачываць у вёсцы няма калі, асабліва летам. Але калі выдаецца вольны час, люблю палавіць рыбу або проста пакупацца на возеры.

Прыемна гутарыць з чалавекам, які захоплены сваёй працай, які, як кожны сапраўдны гаспадар, зацікаўлены ў яе выніках, у дабрабыце сям’і, клапоціцца пра дзень будучы. А менавіта такім і з’яўляецца Іван Кашэль.

Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *