Ці даводзілася вам, паважаныя чытачы, бываць на свяце бліна? Думаю, што нямногія змогуць станоўча адказаць на гэта пытанне. А вось мне пашанцавала не толькі стаць сведкай, але і нават паўдзельнічаць у яскравым і запамінальным мерапрыемстве, якое прайшло нядаўна ў Санюкоўскім сельскім клубе.
У пачатку мерапрыемства вядучая свята Марына Шчарбакова правяла невялікі экскурс у гісторыю і расказала ўсім прысутным аб распаўсюджанні бліноў сярод славян.
Па форме блін нагадвае сонца. Магчыма, таму нашы продкі так любілі гатаваць і есці іх. Гэтае блюда яшчэ выступала і як абрадавая ежа. Так, асабліва ўшаноўвалі бліны пад час святкавання Масленіцы.
З цягам часу з’явілася шмат розных рэцэптаў гатавання бліноў. Нашай сучаснай беларускай кухні вельмі добра вядомы тонкія наліснікі на содзе ці кефіры, проста намазаныя маслам або згорнутыя ў канверт і начыненыя гароднінай, тварагом ці мясным фаршам…
На свяце бліна вялізны стол быў застаўлены разнастайнымі стравамі. Чаго тут толькі не было! Бліны, начыненыя грыбамі, ліверам, тварагом, вяндлінай…. Торт з бліноў, каўбаса ды шкваркі з блінамі – усяго і не пералічыць. Скажу толькі, што многія стравы проста смаката, як кажуць, «пальчыкі абліжаш».
Кожная гаспадыня, якая гатавала страву з бліноў, на свяце дзялілася сваімі кулінарнымі сакрэтамі. Усе прысутныя з цікавасцю слухалі рэцэпты прыгатавання бліноў і, канешне ж, частаваліся цудоўнымі кулінарнымі вырабамі. Акрамя таго, яны ўдзельнічалі ў конкурсах, спаборніцтвах і танцах, адгадвалі загадкі і ўспаміналі народныя прыказкі і прымаўкі.
Трэба адзначыць, што ні адна гаспадыня на свяце бліна не засталася без увагі. Усе яны атрымалі не толькі маральнае задавальненне ад прызнання іх кулінарных талентаў, але і цудоўныя сувеніры ад арганізатара мерапрыемства – Млынокскага сельскага Савета.
Таццяна Петрухно
!!! Свята бліна!)) Малайцы! У наступны раз зрабіце рэкламу да свята, калі ласка, паедзем да іх з блінамі! І сваімі іх пачастуем, і тое, што яны прыгатавалі, паспытаем))
? А традыцыйных рускіх бліноў з чырвонай ікрой не было?))