У школьным жыцці ёсць асаблівыя святы, якія надоўга застаюцца ў сэрцы і пакідаюць добрую памяць пра сябе. Гэта святы першага і апошняга званка. Аднак, калі першы званок напоўнены шумлівым і радасным звонам сустрэчы, то ў апошнім адчуваюцца ноткі суму і развітання…
У апошні вясновы дзень ў школах Ельскага раёна прайшлі ўрачыстыя лінейкі. 2083 навучэнцы закончылі навучальны год. Дзень 31 мая стаў апошнім школьным днём для 140 выпускнікоў сярэдніх і 232 вучняў базавых школ раёна.
Выпускнікі вельмі хваляваліся і нават не хавалі слёз радасці і смутку, яны выказвалі шчырыя словы падзякі сваім настаўнікам. Колькі ўсяго спазнана і перажыта за школьныя гады…
На парозе ўступных іспытаў у розныя навучальныя ўстановы юнакоў і дзяўчат чакае нялёгкая пара выпрабаванняў – школьныя экзамены і цэнтралізаванае тэсці-раванне. Дарэчы, пасля заканчэння 11-х класаў вучні здадуць у гэтым годзе тры абавязковыя выпускныя экзамены: матэматыку ў пісьмовай форме, беларускую мову або рускую мову (на выбар вучня) у пісьмовай форме і замежную мову (англійскую, нямецкую, французскую, іспанскую) у вуснай форме. Чацвёрты экзамен – на выбар. Хочацца верыць, што ўсе яны змогуць з гонарам іх пераадолець і знойдуць сваё месца ў жыцці.
А для большасці сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак наперадзе даўгачаканыя канікулы! Тры цудоўныя летнія месяцы можна выкарыстаць для паўнацэннага адпачынку. Няхай гэты перыяд будзе насычаным цікавымі сустрэчамі, паездкамі, экскурсіямі, знаёмствамі з незвычайным і незабыўным, багатым на добрыя ўражанні!
Таццяна Петрухно
Как жалко расставаться со школой. Просто грустно чуть-чуть, да немного страшно вступать в новую и неизвестную взрослую жизнь…