Так гавораць арганізатары і наведвальнікі этнаграфічнага кутка ў Рамязоўскім сельскім Доме культуры. Гэты невялічкі музей існуе з 2006 года.
Экспанатаў, сабраных супрацоўнікамі Дома культуры ў вёсках Рамязы і Аляксандраўка, налічваецца вельмі многа. Кожны з іх мае сваю адметную цікавую гісторыю.
– Наш этнаграфічны куток, – расказала мастацкі кіраўнік Рамязоўскага СДК Таццяна Дудкоўская, – падзелены на дзве часткі. У жаночай можна ўбачыць печ з усімі яе атрыбутамі, лекавыя травы, кросны, ложак, засланы вышытымі посцілкамі, дзіцячую люльку, якая падвешваецца пад столь, жаночае і мужчынскае нацыянальнае адзенне і г. д. У мужчынскай частцы музея сабраны, у асноўным, старажытныя прылады працы.
Па словах Таццяны Віктараўны, некаторым экспанатам музея амаль сто гадоў. Напрыклад, самавар – з 1915 года. Яго гісторыя вельмі цікавая: самавар быў закапаны пад калодай, на якой немцы секлі дровы. Пасля вайны гаспадар селішча адкапаў самавар. Таксама ёсць жаночая спадніца з тканіны, прывезенай з Кітаю. У час першай Сусветнай вайны малады чалавек прывёз тканіну ў падарунак будучай жонцы, каб тая пашыла сабе спадніцу. Зараз гэты экспанат – адзін з самых старажытных прадметаў у музеі.
Трэба адзначыць, што этнаграфічны куток Рамязоўскага СДК папаўняецца і зараз. Жыхары вёскі прыносяць цікавыя рэчы, якія цяпер з’яўляюцца каштоўнай спадчынай для нашчадкаў.
Ганна Гаўрылава