На Ельшчыне пасяўная кампанія завершана. У час гэтай важнай сельскагаспадарчай пары актыўна былі задзейнічаны механізатары, спецыялісты і кіраўнікі гаспадарак. Вызначаны лідары, якія аддана, увесь светавы дзень, не маючы выхадных і святаў, засявалі палеткі.
На мінулым тыдні старшыня Ельскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык узнагародзіў падзячным пісьмом і каштоўным падарункам працаўніка КСУП «Ельск» Генадзя Раменнікава. Механізатар у час сёлетняй пасяўной кампаніі плённа шчыраваў на палетках гаспадаркі: амаль тысячу гектараў кукурузы засеяў Генадзь Анатольевіч на сваім трактары. Сяўба апошніх гектараў кукурузы літаральна праз некалькі гадзін была зменена на сяўбу сланечні-ка, якога ў гэтым годзе ў КСУП «Ельск» запланавана пасеяць 100 гектараў.
– Адпачываць зімой будзем, – упэўнена зазначыў Генадзь Раменнікаў. – Зараз хутка змяню на сеялцы спецыяльныя дыскі для сяўбы сланечніка – і адразу за справу.
Віншуючы лідара пасяўной кампаніі, Георгій Цык адзначыў, што працоўныя поспехі Генадзя Раменнікава з’яўляюцца прыкладам прафесійнага майстэрства і неабыякавых адносін да агульнай справы, падзякаваў за добрасумленнасць і пажадаў механізатару працоўных перамог у будучым.
Ганна Булаўка