Бестурботнае дзяцінства абарвала вайна


Цяпер, у мірны час, нават складана сабе ўявіць, колькі выпрабаванняў, цяжару і пакут выпала на долю дзяцей і падлеткаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны разам з дарослымі, рызыкуючы жыццём, змагаліся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.


Уладзімір Васільевіч Рагозенка нара-дзіўся ў 1930 годзе ў вёсцы Пагарэлае Скараднянскага сельскага Савета. Бестурботнае дзяцінства хлопчыка, як і многіх яго равеснікаў, абарвала вайна. У той неспакойны час Уладзімір як мог дапамагаў партызанам. Спачатку з сястрой Вольгай насіў хлеб (які па прозьбе старшыні сельскага Савета пякла маці) у партызанскі атрад. Потым выконваў даручаныя партызанамі заданні, напрыклад, прасачыць, адкуль або куды едуць немцы, колькі іх, якая ў іх ёсць зброя і іншае. «Бывала прыходзілася і начаваць у лесе, – успамінае ўдзельнік вайны. – Не раз мог быць злоўлены ворагамі, але, дзякуй Богу, усё абыйшлося».


У 1946 годзе Уладзімір Васільевіч быў узнагароджаны медалём «За доблесную працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны».


У мірны час Уладзімір Рагозенка разам з аднавяскоўцамі стаў займацца аднаўленнем гаспадаркі, разбуранай у гады ваеннага ліхалецця.»Удвух з брыгадзірам хадзілі па хатах, – расказвае мужчына, –  збіралі насенне, каб засеяць калгасныя палі. Аралі ў асноўным каровамі, а калі і самі ўпрагаліся замест жывёлы – усяго хапала…» У 1959 годзе Уладзімір Васільевіч ажаніўся і пераехаў жыць на радзіму жонкі – у вёску Засінцы. Увесь час да выхада на пенсію і муж, і жонка плённа працавалі ў калгасе. З часам яны абзавяліся домам, гаспадаркай, выгадавалі дзвюх дачок і сына… Дзеці выраслі, раз’ехаліся. Сын Віктар зараз жыве ў Мінску, дачка Валянціна – у Оўручы. Яшчэ адна дачка Рагозенкаў, Люба, засталася ў Засінцах.


За сваё жыццё Уладзімір Васільевіч Рагозенка заслужыў  павагу і любоў аднавяскоўцаў, не раз чуў словы падзякі ад кіраўніцтва, быў узнагароджаны граматамі, прэміраваўся. Да любой справы ён ставіўся адказна, працы ніколі не цураўся. Раней  Марыя і Уладзімір Рагозенкі трымалі вялікую гаспадарку і агарод немалы засейвалі. Гэта цяпер толькі куры засталіся. «Здароўе стала падводзіць, – тлумачыць гаспадар. – Дзякуй Богу дзеці турбуюцца пра нас, наведваюць часта, дапамагаюць. Не забываюць і ўнукі.»


Жыццё пражыць – не поле перайсці. На сваім вяку Уладзімір Васільевіч бачыў многае. Але, нягледзячы на гэта, ён і сёння стараецца быць аптымістам, з верай і надзеяй глядзіць у заўтрашні дзень.


Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *