Сёлета вучні СШ № 1 г. Ельска Міхаіл Шубіч, Дзмітрый Мельнік і Уладзімір Цалка, а таксама Ягор Шамро з Ельскай раённай гімназіі – усе выхаванцы настаўніка працоўнага навучання Яўгенія Козела – паспяхова выступілі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды, сталі яе прызёрамі.
Міхаіл Шубіч і Дзмітрый Мельнік абаранялі гонар школы на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Удача ўсміхнулася адзінаццацікласніку Міхаілу Шубічу: ён заваяваў Дыплом ІІІ ступені.
– Удзельнічаць у рэспубліканскай алімпіядзе вельмі складана, але ж і вельмі цікава адначасова, – падзяліўся думкамі Яўген Мікалаевіч. – Каб дасягнуць поспехаў і стаць пераможцам, патрэбна вельмі многае: веданне тэорыі прадмета, валоданне практычнымі навыкамі і ўменнямі, цярпенне, настойлівасць у дасягненні сваёй мэты, пастаянная праца над сабой, павышэнне агульнага інтэлектуальнага ўзроўню і, канешне ж, удача.
Хлопцы, якія ўдзельнічалі ў алімпіядах па працоўным навучанні, я ўпэўнены, будуць у будучым выдатнымі гаспадарамі, якія здольны многае зрабіць уласнымі рукамі для дома, для сям’і.
Ганна Гаўрылава
Фота Аляксандра Газукі