Дзве творчыя перамогі

Образование

З 15 па 17 красавіка ў Гомелі праходзіла заключнае мерапрыемства Х абласнога фестывалю мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод», у якім прынялі ўдзел 23 выхаванцы Ельскай дапаможнай школы-інтэрната. Вярнуліся нашы ўдзельнікі з горада над Сожам з падарункамі і ўзнагародамі. Яны прывезлі Дыплом пераможцы занальнага агляду-конкурсу Х абласнога фестывалю мастацкай творчасці «Вясёлкавы карагод» і Дыплом ІІІ ступені за актыўны ўдзел у выстаўцы выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.


– Тры нашы музычныя нумары ўвайшлі ў канцэртную праграму фестывалю, – паведаміла музычны кіраўнік Ніна Малішэўская. – Гэта песні «Дарога да сонца», «Раз далонька, два далонька» і «Разам мы заўсёды». Журы высока ацаніла выканаўчыя здольнасці нашых выхаванцаў.


Сярод  удзельнікаў занальнага агляду-конкурсу мы занялі   І месца, былі ўзнагароджаны дыпломам і каштоўнымі падарункамі. Наш спонсар – Гомельскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў лесу – падарыў выхаванцам дапаможнай школы-інтэрната мультымедыйную сістэму.


– На фестывалі была арганізавана выстаўка выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на якую вучні нашай установы разам з педагогамі прадставілі больш за сто работ, – расказала настаўніца працоўнага навучання Анастасія Наумовіч. – Вучні 11 класа пад кіраўніцтвам настаўніка Уладзіміра Панфіленкі зрабілі каркас у выглядзе каруселі, на якой была размешчана частка творчых работ нашых выхаванцаў. Экспанаты былі самыя розныя: драўляныя вазы, карціны, створаныя пры дапамозе сухіх кветак, каляровых нітак, пенапласту, рыбнай лускі, пацерак і ракавінак, пано з сорга і саломкі. Многіх уразілі вышываныя сурвэткі.


Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы да выставы аказалі выхавацелі і педагогі Алена Зімакова, Сяргей Каляда, Таццяна Максіменка, Анастасія Наумовіч, Ірына Рафаловіч, Наталля Шульга, Людміла Шафарэнка.


Творчыя перамогі – заканамерны вынік мэтанакіраванай дзейнасці педагогаў дапаможнай школы-інтэрната па развіцці творчых здольнасцей дзяцей. Натхненне і фантазія дапамагаюць ім ствараць незабыўныя музычныя нумары, мастацкія вырабы, якія заўсёды здзіўляюць і ўражваюць гледачоў.


Марына СУГАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *