Пятнаццаць разоў на тыдзень нашы дзеці-дашкольнікі харчуюцца па-за домам. Чым кормяць іх у садках, як складаюцца меню і што найбольш любяць есці дзеці ў дашкольных установах, высветлілі мы нядаўна ў дзіцячым садку № 4 горада Ельска.
Адказвае за працэс харчавання дзяцей у дашкольнай установе сама загадчыца Аксана Грамок. Да гэтага яна заўсёды ставіцца сур’ёзна, улічвае фізіялагічную патрэбу дзяцей, норму харчавання, сезоннасць.
– Меню звычайна складаецца на дзесяць дзён, – расказала Аксана Фёдараўна. – Вучоныя дакладна разлічылі, колькі якіх прадуктаў неабходна растучым арганізмам – энергетычная каштоўнасць штодзённага рацыёну павінна адпавядаць энергазатратам дзіцяці. Згодна з рэкамендацыямі медыкаў і дыетолагаў, ежа павінна быць максімальна разнастайнай, каб не надакучаць дзецям, пры яе прыгатаванні павінен захоўвацца натуральны смак і г. д. Пры трохразовым харчаванні дзеці павінны атрымліваць на снеданне 20–25 % ад агульнай каларыйнасці сутачнага рацыёну, на абед – 30–35 %, на полудзень – 25 %. Астатнія 20 % дзеці павінны атрымліваць дома на вячэру.
Раніца ў дзіцячых садах пачынаецца, як правіла, з кашы (у рацыёне дзяцей – вялікі набор каш: прасяная, пярловая, манная, рысавая, грэчневая) або тварожных страў (запяканка, сырнікі), чай з бутэрбродамі. На абед – салат, суп, боршч, гарнір, мясная страва, рыбныя стравы ці стравы з птушкі, сок або кампот, хлеб. Два разы на тыдзень – рыба, у астатнія дні абавязковыя ў меню стравы з ялавічыны, мяса птушкі. Каўбасныя вырабы ў меню з’яўляюцца толькі раз у дзесяць дзён. На полудзень малеча можа атрымаць гарачыя стравы (з гародніны, рыбы і інш.), абавязкова фрукты, ёгурты, малочныя напоі.
Па словах загадчыцы дзіцячага садка, дзеці вельмі любяць стравы, прыгатаваныя вопытнымі паварамі садка Ганнай Сугак і Любоўю Засінец. Гэтыя жанчыны больш за 20 гадоў кормяць малечу ў дзіцячым садзе № 4, усю сваю любоў і ласку да маленькіх чалавечкаў яны ўкладаюць у смачна прыгатаваную ежу.
Ганна Булаўка
Фота Віктара Стоцкага