Нагадваем, што напярэдадні Дня гумару рэдакцыяй газеты «Народны голас» быў аб’яўлены конкурс на ўважлівасць сярод чытачоў. Патрэбна было знайсці жартоўныя матэрыялы або матэрыялы з памылкамі, знарок дапушчанымі супрацоўнікамі «раёнкі».
Вельмі прыемна, што на прапанову паўдзельнічаць у конкурсе адгукнулася многа жыхароў горада і раёна. За час, адведзены згодна з умовамі конкурсу, тэлефон не сціхаў ні на хвіліну. Больш за тры дзясяткі чалавек прынялі ўдзел у конкурсе. Тэлефанавалі практычна з усіх населеных пунктаў раёна. Праўда, некаторыя паверылі ў чатырохкрылую саву ў Шутах і бярозавы сок з ледзяшамі. Працяглая зіма ўпэўніла чытачоў газеты, што Ельшчыне проста неабходна абсталяванне, якое будзе рэгуляваць сонечнае надвор’е. У Старавысокаўскім сельсавеце, мабыць, усе з нецярпеннем чакалі выпрабавання гэтага абсталявання. Таму ім не было калі званіць у рэдакцыю. А можа, і сапраўды выпрабоўвалі? Цёпла ж і сонечна было 1 красавіка! І яшчэ адна навіна – пра забарону на лоўлю прэснаводных крэветак – засмуціла нашых чытачоў: як жа цяпер без іх жыць да лета?
Абсалютнай пераможцай, якая дакладна назвала ўсе непраўдзівыя матэрыялы, а таксама дапушчаныя памылкі і абгрунтавала свае адказы, прызнана Галіна Трафімава – наша пастаянная чытачка, актыўная ўдзельніца шмат-лікіх конкурсаў, аматар паэтычнага слова.
– Мне вельмі прыемна быць прызнанай самай уважлівай чытачкай раённай газеты. Конкурс цікавы, хацелася б яшчэ і іншых конкурсаў і віктарын. Напрыклад, па краязнаўстве, – заўважыла Галіна Уладзіміраўна.
Пераможцамі таксама сталі Ангеліна Казлова з Валаўска і Наталля Корбут з Ельска. Яны таксама правільна назвалі ўсе матэрыялы-жарты, праўда, з другой спробы (першая была няпоўнай).
У адным кроку ад перамогі былі Вольга Марозенка з Падгалля, Анатоль Пуцята з Розы Люксембург, Паліна Ерашова з Кочышч, Марыя Халадовіч з Засінцаў, Валянціна Бабовіч, Вера Кольчанка, Галіна Гаек, Іван Шаўчэнка і Валянціна Лаворанка з Ельска.
Дзякуем усім нашым чытачам за актыўны ўдзел у конкурсе, за ўважлівасць і настойлівасць, за адданасць раённай газеце. Вы ўсе пераможцы, таму што выбралі адзіны праві-льны адказ, выпісаўшы «Народны голас»! Да новых сустрэч!
Калектыў рэдакцыі