98-я вясна бабулі Васіліны


Васіліна Філіпаўна Дзюба з вёскі Засінцы – адна са старэйшых жыхарак не толькі ў Засінцаўскім сельскім Савеце, але і наогул на Ельшчыне. Сёлета ў лістападзе бабулі споўніцца 98 гадоў.


Па словах самой жа бабулі Васіліны, гэта толькі «пішацца» яна з 1915 года, а на самой справе нара-дзілася яна ў 1914 го-дзе. У той час прыпісванне гадоў было справай звыклай і вельмі распаўсюджанай. Да таго ж дакументы ў многіх лю-дзей зніклі ў гады вайны.


Васіліна Філіпаўна жыве ў маленькай хатцы сама, праўда, у адным двары са сваёй дачкой Вольгай.


– Ніяк не згаджаецца да мяне ісці жыць, – расказвае Вольга Сцяпанаўна Сугак пра маці. – Сама сабе гаспадыня ў сваёй хаце. Сваю невялічкую гаспадарку – ката Ваню і сабачку Ладу – даглядае сама. Калі захоча, прыходзіць да мяне, тэлевізар можа паглядзець, бо ў яе тэлевізара няма, толькі радыё бабуля мая слухае.


Вольга Сцяпанаўна да маці заглядае некалькі разоў на дзень: і вады прынесці, і печ выпаліць, зімою – сцежкі расчысціць ад снегу. Праўда, за бабуляй Васілінай і сацыяльны работнік замацаваны, які таксама не пакідае бабулю без увагі.


Засінцаўская доўгажыхарка нарадзілася і ўсё жыццё пражыла тут, у Засінцах. Працавала і на ферме ў калгасе, і ў леспрамгасе. Нарадзі-ла пяцёра дзяцей: двое памерлі яшчэ малымі, яшчэ адзін сын пазней загінуў. Дачка Вольга жыве побач, а другая дачка – Вера – у Зашыр’і. Гаспадара Сцяпана Дзюбы не стала ў 1974 годзе. З той пары жыве бабуля Васіліна адна, дачакалася не толькі ўнукаў і праўнукаў, але ўжо і прапраўнукаў мае.


На маё пытанне, чым бабуля займаецца, Васіліна Філіпаўна адказала:


– А чым жа я займацца буду? Усю зіму ў хаце прасядзела, а вясной і ўлетку да людзей выходжу, тут такія, як я, ёсць. Дачка да мяне заходзіць, унукі бываюць…


Галоўнае для прадстаўнікоў доўгага веку не іх мнагалецце, а ўвага і клопат родных і блізкіх людзей, павага да іх сталага ўзросту.


На здымку: бабуля Васіліна Дзюба (злева) з дачкой Вольгай Сугак (справа).


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *