У наш час рэдка сустрэнеш людзей, не раўнадушных да чужога лёсу, гатовых дапамагаць бескарысліва. Але на шчасце такія людзі ўсё ж такі ёсць. Так, напрыклад, валанцёры з дабрачыннага фонду «Объединяя сердца» з г. Мазыра аказваюць дапамогу і падтрымку людзям, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, актыўна ўзаемадзейнічаюць з дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі, аховы здароўя і гэтак далей не толькі ў сваім горадзе, але і за яго межамі.
– Наша школа-інтэрнат падтрымлівае цесныя сувязі з гэтым дабрачынным фондам, – распавядае дырэктар Ельскай дапаможнай школы-інтэрната Якаў Ліпскі. – З красавіка мінулага года прадстаўнікі фонду наведвалі нашу ўстанову ўжо чатыры разы. 13 студзеня наша сустрэча была прысвечана Новаму году і Калядам. Для нашых дзетак была арганізавана цікавая святочна-забаўляльная праграма. І, канешне ж, якое свята без падарункаў?! Таму прадстаўнікі фонду паклапаціліся і аб гэтым. Трэба сказаць, што кожная наша сустрэча астаўляе пасля сябе толькі прыемныя ўспаміны і ўражанні. За што мы ім вельмі ўдзячны. Апошні раз валанцёры з фонду «Объединяя сердца» наведалі нас зусім нядаўна – 2 сакавіка. На гэты раз яны прывезлі з сабою дзетак, што займаюцца ў арт-студыі пры мазырскім нафтапераапрацоўчым заводзе. Госці разам з нашымі выхаванцамі арганізавалі дыскатэку, паказвалі цыркавыя і іншыя творчыя нумары. Для кожнага з дзяцей прадстаўнікі дабрачыннага фонду падрыхтавалі падарункі і паабяцалі наведаць рабят яшчэ раз.
З кожным візітам валанцёраў на дзіцячых тварах з’яўляюцца ўсмешкі і, як зоркі, загараюцца вочы. Вялікі дзякуй скажам гэтым чулым і спагадлівым людзям. Яны не проста забаўляюць дзяцей, дораць ім падарункі, а дзеляцца з імі сваім асаблівым шчасцем.
Жанна ДЗЯНІСАВА