Здарылася гэтая гiсторыя ў даўнiя часы. Жылi два браты – Лукаш ды Дзям’ян. Такiя здаравенныя ўрадзiлiся хлопцы, что не кожны мог з iмi справiцца. Дзiвiлiся людзi іх сiле, а потым і пабойвацца пачалi.
Аднойчы пайшлi хлопцы с дзяўчатамi свята святкаваць на бераг прыгожага возера. Вось сабралася моладзь i давай весялiцца. І тут нехта незнарок штурхнуў Лукаша. Штуршок аказаўся даволi моцным – хлапчына грымнуўся на спiну, яшчэ i азадкам у вогнiшча прысеў. Навокал зарагаталi i пачалi падтрунiваць над хлопцам. Калі б толькі ведалi яны, чым усё скончыцца, дык нi за што б не чапалi Лукаша.
Усхапiўся Лукаш з зямлi, падскочыў да здаравеннага каменя, прыўзняў яго i кiнуў у хлапцоў ды дзяўчат. Пачуліся трэск і хруст, крык болю. Потым усё сцiхла: усе глядзелi на дваiх хлапцоў i дзяўчыну, якiя нежывыя распласталiся на зямлi. Напружаная цiшыня запанавала навокал. А потым, нібы ўстрапянуўшыся, пачалi ўсе крычаць на Лукаша, які людзей забiў. Вырашылi, што будзе Лукашу смерць – за смерць. Той стаяў збялелы, разгублены і ўцякаць не збiраўся. Хлопцы пайшлi наперад, паглядаючы, хто першы адважыцца ўдарыць асiлка. Першы хлопец выгукнуў моцна, а вось ударыць не паспеў, бо Лукаш толькi варухнуў сваiм кулаком, i той паляцеў на зямлю. Некалькi дзяцюкоў выскачыла з палкамi, пару разоў ударылі асiлка. Ды што яму такiя ўдары? Як пачаў ён iм здачы даваць, то хлопцы пасыпалiся, што тыя глiняныя гаршкi з плоту, калi iх нехта калоцiць. Але нiхто не збiраўся саступаць.
«Зараз мы цябе дастанем!» – крыкнулi хлопцы i кiнулiся ўсе разам на Лукаша. Не выратаваўся б ён на гэты раз, але прыйшла яму дапамога ад брата Дзям’яна. Цяпер ужо два асiлкi крушылi, калечылi ўсiх без разбору. Трава навокал была ўся ў крывi. Нарэшце вясковыя хлопцы не вытрымалi і пабеглi. Браты ж не кiнулiся наўздагон, а засталiся на месцы.
Дзям’ян запытаў у брата аб тым, ад чаго пачалася гэта сварка. Лукаш адказаў, што ён забiў дваiх хлапцоў i дзяўчыну… камнем… з-за смеху. Што цяпер рабіць? Падумалі браты і вырашылі ў вёску не вяртацца. «Пабудуем утульны бярлог, каб яго нiхто зблiзку не мог заўважыць, i зажывем. А калi прыпасы канчацца будуць, то будзем выходзiць на дарогу рабаваць, забiваць, сведкаў жа пакiдаць не будзем», – вырашылі браты і падаліся ў дарогу. Знайшлi яны прыдатную мясцiну i зажылi сабе. Раз у тыдзень выходзiлi яны на дарогу і пiльнавалi няшчасных людзей.
У хуткім часе браты адчулi смак. Сумленне iх ужо не турбавала, забiвалi спакойна, нiбы гуляючы. Багацце ўсялякага назбiралi цэлую гару, нават не ведалi, куды яго схаваць. Адзiн аднаму давяраць перасталi – грошы заўсёды робяць сваю адмоўную справу.
Аднаго разу здалося Лукашу, што ў яго недахоп каштоўнасцей. Пачаліся паміж братамі разборкі. Слова за слова, ды пачалі яны адзін аднаго біць. Рэзалiся не на жыццё, а на смерць, ударамi нажоў нанеслi адзін аднаму смяротныя раны. Так закончылася жыццё двух братоў, двух разбойнiкаў – Лукаша ды Дзям’яна.
А той самай дарогай ехаў бедны вясковец. Вельмі баяўся ён, што разбойнікі перапыняць яго. Раптам убачыў ён два трупы i мноства золата навокал. Пачаў мужчына збiраць яго, а калі натыкнуўся на галоўную схованку разбойнікаў у старой елцы, дык i вырашыў застацца там жыць. У хуткім часе пабудаваў сабе хату, а потым да яго людзi iншыя прысталi, і сталі яны жыць разам. А месца тое назвалi Ельскам, ад таго дрэва, якое так узбагацiла звычайнага вясковага чалавека.
Падрыхтавала Ядзвіга Стахоўская