Сельгаспрадпрыемствы раёна, як і паўсюль па рэспубліцы, працягваюць падрыхтоўку да пачатку агранамічнага года.
Так, заканчваецца рамонт тэхнікі. Па вобласці ў стадыю гатоўнасці прыведзена 84 % трактароў, 72 % пасяўных агрэгатаў. У Ельскім раёне працэнт гатоўнасці трактароў, камбайнаў і сельгасмашын складае 82 %. Да 1 сакавіка ўся тэхніка павінна быць адрамантавана, каб выйсці на палі без затрымкі.
Таксама працягваецца завоз у гаспадаркі раёна неабходнай колькасці ўдабрэнняў. Пры агульнай патрэбнай колькасці мінеральных удабрэнняў 7026 тон у сельгаспрадпрыемствы Ельшчыны завезена, па дадзеных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання на апошнія дні студзеня, 941 тона.
На палі гаспадарак вывезена больш за 50 % арганічных удабрэнняў: з запланаваных 300 тысяч тон вывезена 151,6 тысячы тон. Лідарам па вывазе арганікі на канец студзеня з’яўляецца КСУП «Дабрынь» (выкананы 81 % даведзенага плана).
Ганна Гаўрылава