Недахоп кваліфікаваных кадраў застаецца адной з важных праблем для аграпрамысловага комплексу Беларусі. Больш таго, апошнім часам намецілася новая трывожная тэндэнцыя: спецыялісты выязджаюць з Беларусі на работу ў сельгасарганізацыі суседніх краін. Аб гэтым 28 лістапада паведаміў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, выступаючы на сумесным пасяджэнні дзвюх палат беларускага парламента.
«Праблема аграрных кадраў, здольных рэалізаваць маштабныя задачы пераўтварэнняў у аграрнай сферы, якія забяспечаць высокую эканамічную эфектыўнасць галіны, у апошнія гады стала адной з важнейшых, а можа, самай галоўнай праблемай», – канстатаваў намеснік прэм’ер-міністра. Паводле яго слоў, нягледзячы на прынятыя комплексныя меры, замацаванне выпускнікоў ВНУ ў вёсцы пакуль яшчэ не дастатковае.
«Пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну больш за 30 працэнтаў з іх змяняюць сферу дзейнасці, прычым 2 гады гэтыя 30 працэнтаў не адпрацоўваюць, а, будзем шчыра гаварыць, адбываюць. Не заўсёды затрымліваюцца спецыялісты нават у экана-мічна моцных гаспадарках, у якіх добра аплачваецца іх праца. Гэта значыць, што зарплата на сённяшні дзень для нашых маладых людзей стала важным, але не рашаючым фактарам у замацаванні ў вёсцы», – сказаў Міхаіл Русы.
Спецыялісты з прыгранічных раёнаў, а апошнім часам і з цэнтральных рэгіёнаў краіны пачалі працаўладкоўвацца ў сельгасарганізацыі краін-суседзяў. «Гэта сітуацыя абавязвае нас па-новаму паглядзець на кадравую праблему. Аднафактарных, аднаканальных рашэнняў тут быць не можа. Спецыялістам патрэбна стварыць неабходны ўзровень сацыяльнага забеспячэння, – падкрэсліў Міхаіл Русы. – Пры ўсіх складанасцях для ўсіх спецыялістаў і работнікаў паві-нен быць выхадны дзень, з думкамі спецыялістаў кіраўнікам любога рэгіёну трэба лічыцца пры вырашэнні практычных задач, уважліва да гэтага ставіцца. Мы правялі апытанне, частка людзей гаворыць: мы пакідаем арганізацыю таму, што, мякка кажучы, кіраўнік – хам».
Міхаіл Русы ўпэўнены, што кадры ў сферы АПК трэба «песціць», з імі трэба працаваць і выхоўваць цудоўных спецыялістаў.
Падрыхтавала Яна Іванова