Ушаноўвалі лепшых працаўнікоў вёскі

Сельское хозяйство

Абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі» прайшоў на мінулым тыдні ў Рагачове. У гарадскім Доме культуры 23 лістапада ўшаноўвалі лепшых працаўнікоў вёскі Гомельшчыны – пераможцаў спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур і нарыхтоўцы кармоў.


У складаных умовах надвор’я сельскія працаўнікі больш чым на 100 тысяч тон павялічылі валавы збор збожжавых каласавых. З улікам кукурузы і крупяных культур ва ўсіх катэгорыях гаспадарак намалочана 1,4 млн тон  збожжа, у тым ліку ў сельгасарганізацыях – 1,35 млн тон. У бягучым годзе, адзначылі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, атрыманы рэкордны ўраджай рапсу за ўвесь перыяд вырошчвання гэтай культуры ў прамысловых аб’ёмах. Вышэйшая за мінулагоднюю ўраджайнасць бульбы, асноўных агароднінных культур. Створана трывалая кармавая база на халодны час года. У параўнанні з мінулым годам сенажу нарыхтавана на 60 тысяч тон больш, сена – на 2 тысячы тон. У разліку на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 35 ц кармавых адзінак травяністых кармоў – самы высокі паказчык у рэспубліцы.


Удзельнікі і госці абласных «Дажынак 2012» мелі магчымасць наведаць імправізаваныя падворкі і гандлёвыя рады, дзе быў прадстаўлены вялікі асартымент прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці.


Ушаноўванне пераможцаў абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы кармоў праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы. Удзел у мерапрыемстве прынялі прадстаўнікі дэлегацыі Ельскага раёна: Леанід Пісанік, старшыня райвыканкама, Сяргей Матузка, старшыня райсавета, Анатоль Гапонік, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, Георгій Цык, старшыня райкома прафсаюза працаўнікоў АПК, Рыгор Бабчанок, дырэктар КСУП «Саўгас «Камуніст», Васіль Касенка, дырэктар КСУП «Скараднянскі», Марыя Думінская, намеснік дырэктара КСУП «Ельск» па вытворчасці, механізатары КСУП «Ельск» Адам Цалка і Мікалай Жудро, а таксама механізатар КСУП «Саўгас «Камуніст» Аляксандр Петралай.


Прыемна адзначыць, што Ельскі раён па выні-ках абласных спаборніцтваў за эфектыўнае вя-дзенне сельскай гаспадаркі па выхаду кармавых адзінак з 1 бала-гектара заняў II месца і быў адзначаны Дыпломам і грашовай прэміяй.


Сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў па загатоўцы кармоў III месца ў вобласці заняў КСУП «Ельск». Марыі Думінскай, намесніку дырэктара КСУП «Ельск» па вытворчасці, быў уручаны Дыплом і грашовае ўзнагароджанне.  КСУП «Саўгас «Камуніст» атрымаў у падарунак трактар за поспехі ў вядзенні добраўпарадкавання і навядзенні парадку на зямлі.


Трэба адзначыць, што кіраўнік КСУП «Саўгас «Камуніст» Рыгор Бабчанок на абласным фестывалі «Дажынкі 2012» не адзін раз падымаўся на сцэну за ўзнагародай. Так, за добрасумленную працу і высокае прафесійнае майстэрства Рыгору Уладзіміравічу была ўручана  Грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі, а таксама Дыплом і грашовая прэмія ад рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК. Каштоўны падарунак (наўтбук) атрымаў Рыгор Бабчанок ад кіраўнікоў Херсонскай вобласці за цеснае супрацоўніцтва ў сферы АПК з рэгіёнам.


Дыпломамі і грашовай прэміяй былі адзначаны на абласных дажынках лепшыя механізатары КСУП «Ельск»: Адам Цалка, які заняў І месца, і Мікалай Жудро, які заняў ІІ месца ў вобласці па перавозцы кармоў.


Грамату абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК і каштоўны падарунак (пыласос) атрымаў на абласных дажынках старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Георгій Цык.


Дыпломы і падарункі лепшым камбайнерам, вадзіцелям, спецыялістам, калектывам сельгаспрадпрыемстваў і раёнаў уручылі на свяце кіраўнікі вобласці, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і прамысловых прадпрыемстваў.


Пасля цырымоніі ўзнагароджвання адбыўся канцэрт з удзелам лепшых творчых калектываў вобласці.


Таццяна Петрухно



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *